Аднойчы Езус звярнуў увагу людзей на іх павярхоўнае жаданне атрымаць знак, убачыць цуд. Тамаш жа сёння просіць больш – важкіх доказаў таго, што вучні бачылі не прывід, а ўваскрослага Хрыста.
Тамаш, адзін з Дванаццаці, якога звалі Блізня, не быў з імі, калі прыйшоў Езус. Іншыя вучні казалі Яму: «Мы бачылі Пана!» Але ён сказаў ім: «Калі не ўбачу на руках Яго ранаў ад цвікоў і не ўкладу пальца свайго ў раны ад цвікоў, і не ўкладу рукі сваёй у бок Яго, не паверу». Праз восем дзён зноў былі ў доме вучні Ягоныя і Тамаш з імі. Хоць дзверы былі замкнёныя, Езус прыйшоў, стаў пасярэдзіне і сказаў: «Спакой вам!» Потым сказаў Тамашу: «Дай сюды палец твой і паглядзі на рукі Мае; дай руку тваю і ўкладзі ў бок Мой; і не будзь няверуючым, але веруючым!» У адказ Тамаш сказаў Яму: «Пан мой і Бог мой!» Езус сказаў яму: «Ты паверыў, таму што ўбачыў Мяне. Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў!»
У выніку сумніў Тамаша стаў асновай да прадухілення развіцця «дакетызму» (грэц. dokeō «здавацца») – ерасі, паводле якой Хрыстос толькі здаваўся чалавекам. Езус пацвердзіў, што Яго цела было рэальнай плоццю, хоць і праслаўленай пасля ўваскрасення. Няўпэўненасць Тамаша, страх апосталаў за зачыненымі дзвярыма ёсць і ў нас. І як некалі, таксама сёння Бог можа выкарыстаць іх для праўды і дабра.
Хрыстос кажа Тамашу: «Не будзь няверуючым, але веруючым». Гэтыя прыметнікі маюць яшчэ адно значэнне: «Перастань быць няверным [apistos], а стань надзейным [pistos]».
Магу спытаць сябе, наколькі знакі ўплываюць на мой давер да Бога. Ці я гатовы верыць і без іх?
Яшчэ магу сёння задумацца: што з маёй верай ва ўваскрашэнне цела? Яна ўплывае на маё стаўленне да цела?
Верагодна, патрэба знакаў ёсць у кожнага з нас, у мяне таксама. Езус разумее гэта і дае іх. Разам з тым, для веры ўласціва прыняцце пэўных праўдаў без поўнага пацвярджэння, «прыняцце на веру». Гэта ідзе ў пары з інтэлектуальным пошукам і датычыць навучання Касцёла і майго асабістага шляху з Богам.
Айцец, дапамажы мне будаваць з Табой шчырыя адносіны. Навучы давяраць Табе незалежна ад знакаў.
кс. Валерый Марціноўскі