Марыі кажуць пра цяжарнасць Альжбеты. Яна паспешліва вырушае да сваячкі ў Юдэйскую горную краіну, у горад на поўдні ад Ерузалема. Ідзе, каб дапамагчы і каб ўбачыць Божы знак у жыцці Альжбеты.
Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла ў горную краіну, у горад Юды. І ўвайшла ў дом Захарыі, і прывітала Альжбету. Калі Альжбета пачула прывітанне Марыі, узварухнулася дзіцятка ва ўлонні яе, і напоўнілася Альжбета Духам Святым. І ўсклікнула моцным голасам, і сказала: Благаславёная Ты між жанчынамі і благаславёны плод улоння Твайго! І адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыйшла да мяне? Бо калі голас прывітання Твайго загучаў у вушах маіх, узварухнулася ад радасці дзіцятка ва ўлонні маім. І шчаслівая тая, якая паверыла, што споўніцца сказанае Ёй Панам. У тыя дні сказала Марыя:
Велічае душа мая Пана,
і ўзрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцы.
Бо ўзглянуў Бог на пакору сваёй слугі,
і цяпер благаслаўляць мяне будуць усе пакаленні.
Бо вялікае ўчыніў мне Усемагутны,
а імя Яго святое.
І міласэрнасць Яго з пакалення ў пакаленне
над тымі, хто Яго баіцца.
Паказаў моц сваёй правіцы,
рассеяў тых, хто пыхлівыя сэрцам.
Скінуў магутных з трону
і ўзвысіў пакорных.
Дабром галодных насыціў,
а багатых ні з чым адправіў.
Прыняў свайго слугу Ізраэля,
памятаючы пра сваю міласэрнасць,
як абяцаў бацькам нашым,
Абрагаму і яго патомству навекі.
І прабыла Марыя ў Альжбеты каля трох месяцаў, і вярнулася ў дом свой.
Вітаючыся, Альжбета падкрэслівае адметнасць моманту: прыходу Марыі да яе. Яна аднекуль ведае пра Дзіця, якое носіць яе кроўная. Магчыма, у словах прывітання Марыя сама выказала нешта большае – што народзіць асаблівага Слугу, асаблівага Пасланніка Пана.
Быць бласлаўлёнай – значыць атрымаць незвычайную ласку ад Бога. Марыя – асаблівая «пасудзіна», абраная Усявышнім.
Таксама Альжбета бласлаўляе Дзіця яе роднай і кажа «плод улоння». Гэты выраз з'яўляецца ідыёмай ў ідышы, гебраізмам. У Старым Запавеце магчымасць зацяжарыць лічылася бласлаўленнем Бога, знакам Яго асаблівай апекі або прыкметай вернасці і паслухмянасці Яму.
Сёння магу спытаць сябе: ці я нясу Езуса іншым, як Марыя? З якімі словамі прыходжу да чалавека, абцяжаранага адказнасцю, цяжкасцямі, крыжом?
Ці ведаю, што магу пазнаваць бліжэй Багародзіцу і вучыцца ў Яе? Ці Марыя для мяне, як для Альжбеты, – «бласлаўлёная між жанчынамі»?
Пытанне Альжбеты «Адкуль мне гэта?» выражае пакору: чаму яна годная такога візіту, удзелу ў гэтых падзеях? Яе словы адсылаюць да Старога Запавету, да сцэны, дзе Каўчэг вяртаецца да Давіда. Каўчэг Запавету, які адначасова выклікаў і страх, і радасць, бо з’яўляўся інструментам Божага суда.
Марыя, маліся, каб я быў адкрыты на дзеянне Бога ў маім жыцці і ўмеў несці Яго дабрыню і мудрасць іншым.
кс. Валерый Марціноўскі