Сёння магу быць сведкай напоўненага рознымі сцэнамі і дыялогамі здарэння з удзелам Хрыста.
Калі Езус прыплыў на другі бераг у краіну гадарынскую, сустрэлі Яго двое апантаных, якія выйшлі з магілаў, вельмі лютыя, так што ніхто не асмельваўся праходзіць той дарогай. І вось яны закрычалі: Што Табе да нас, Сыне Божы? Прыйшоў Ты сюды заўчасна мучыць нас. Далёка ж ад іх пасвіўся вялікі статак свіней. І дэманы прасілі Яго, кажучы: Калі выганяеш нас, то пашлі нас у статак свіней. І сказаў ім: Ідзіце. Яны выйшлі і ўвайшлі ў статак свіней. І вось кінуўся ўвесь статак з кручы ў мора і загінуў у вадзе. А пастухі паўцякалі і, прыйшоўшы ў горад, расказалі пра ўсё, а таксама пра апантаных. І вось горад увесь выйшаў насустрач Езусу, і, убачыўшы Яго, папрасілі, каб Ён адышоў ад іхніх межаў.
Хрыстос сустракае двух чалавек, якія пакутуюць ад апантанасці. Мясцовыя людзі ведаюць пра гэта. Езус размаўляе з дэманамі і дазваляе ім увайсці ў статак свіней, які потым кідаецца з абрыва. Апантаныя – свабодныя. Аднак іншыя жыхары гадарынскай краіны не хочуць пускаць Хрыста ў вёску. Верагодна, праз страту жывёл. У адрозненне ад Езуса, яны не ўсведамляюць, што людзі больш каштоўныя, чым свінні.
Мясцовыя выйшлі насустрач Хрысту і папрасілі Яго пакінуць іх зямлю. Невядома, як пастухі расказалі ім пра ўсё. Тым не менш, падаецца, што справа не ў словах, а ў адкрытасці сэрца, якая фарміруецца не за адзін дзень.
Часам выбраць веру, паступіць згодна з сумленнем значыць вырашыцца на сур’ёзныя змены ў жыцці, нават рызыкнуць дабрабытам і спакоем. У такія значныя моманты варта памятаць, што Езус заўсёды побач са мной і падтрымае мяне. Магу спытаць сябе: наколькі мне важна захоўваць чыстае сумленне?
Магчыма, я стаю на месцы ў маім духоўным жыцці. Можа, у нейкай сферы ў мяне не атрымліваецца выбраць Хрыста і Яго запаведзь любові. Што з’яўляецца прычынай? Што зменіцца ў маім жыцці, калі ў нейкай канкрэтнай сітуацыі я пайду за Хрыстом?
Людзі гадарынскай зямлі падаюцца бяздушнымі. Яны не радаваліся ацаленню апантаных – не бачылі бласлаўлення двух так змучаных чалавек. Не ўславілі за гэта Езуса і не прынеслі да Яго сваіх хворых, каб Ён іх таксама ацаліў. Падаецца, яны заўважылі толькі страту свіней.
Божа, дапамажы давяраць Табе ў маёй паўсядзённасці. Бачыць у Табе ўсемагутнага Бога, які хоча аздаравіць кожную сферу майго жыцця.
кс. Валерый Марціноўскі