Па меры таго як шторм узмацняўся, напалоханыя вучні звярнуліся да Езуса па дапамогу. Раней яны ўжо бачылі Ягоныя цуды, таму пачыналі разумець: перад імі Хрыстус, а не проста цясляр з Назарэта.
Калі Езус увайшоў у човен, увайшлі за Ім Ягоныя вучні. І вось пачалася вялікая бура на моры, так што човен накрывалі хвалі. А Ён спаў. І, падышоўшы, яны разбудзілі Яго, кажучы: Пане, ратуй, мы гінем. А Ён кажа ім: Чаго вы спалохаліся, малой веры? Тады, устаўшы, забараніў вятрам і мору, і настала вялікая ціша. А людзі дзівіліся і казалі: Хто Ён такі, што і вятры, і мора слухаюцца Яго?
Раз’юшаная стыхія прыроды не змагла абудзіць Хрыста. Але Яго абудзілі пакутлівыя просьбы вучняў і Ягоная ўласная гатоўнасць служыць чалавеку. Зусім нядаўна Езус выбраў гэтых людзей для апостальства. Ці мог Той, хто паклікаў іх, дазволіць ім цяпер загінуць у марской бездані? Менавіта таму Збаўца з поўным спакоем папракнуў іх, назваўшы «малавернымі».
Устаўшы, Езус забараніў вятрам і мору. Дзеяслоў «забараніў» ужываецца так, нібы Хрыстус звяртаецца да кагосьці жывога. Стыхія пакарылася вялікаму Богу. Вятры і хвалі адразу суцішыліся, на ваду апусцілася цішыня, ахінуўшы спакоем апосталаў у прысутнасці Збаўцы.
Ці магу я побач з Езусам адкінуць усе трывогі? Ці шукаю Яго прысутнасці ўва мне?
Як часта я наракаў і нават вінаваціў Бога, выяўляючы тым самым сваю малую веру? І ці прасіў тады ласкі умацавання веры?
Гэтае здзіўленне вучняў перад уладай Хрыста над прыродай, вятрамі і хвалямі заклікае і нас да глыбокага ўсведамлення: Езус – гэта Пан, які здольны суцішыць любы жыццёвы шторм. Калі Ён у нашым чоўне, ніводная бура не здольная нас знішчыць.
кс. Валерый Марціноўскі