Езус пачынае праводзіць больш часу са сваімі вучнямі сам-насам. Ён хоча адкрыць ім галоўную таямніцу: хто Ён такі на самой справе.
Прыйшоў Езус у межы Цэзарэі Філіпавай і пытаўся ў вучняў сваіх, кажучы: Кім людзі лічаць Сына Чалавечага? Яны ж сказалі: Адны — Янам Хрысціцелем, другія ж — Іллёю, а іншыя — Ераміяй ці адным з прарокаў. Ён кажа ім: А вы кім лічыце Мяне? Сымон Пётр адказаў: Ты — Хрыстус, Сын Бога Жывога. Тады Езус сказаў яму ў адказ: Шчаслівы ты, Сымоне, сын Ёнавы, бо не цела і кроў адкрылі табе гэта, але Айцец Мой, які ў нябёсах. I Я кажу табе, што ты — Пётр (скала), і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго. І дам табе ключы Валадарства Нябеснага, і што звяжаш на зямлі, тое будзе звязана ў небе, а што развяжаш на зямлі, тое будзе развязана ў небе.
Умацаваны праз малітву і зносіны са сваім нябесным Айцом, Езус задае вучням важнае пытанне: «Кім людзі лічаць Сына Чалавечага?» Справа ў тым, што наперадзе вучняў чакаюць вельмі цяжкія дні – здрада, суд і смерць Езуса на крыжы. Хрыстус хоча, каб у гэтыя хвіліны выпрабаванняў Яго блізкія ведалі праўду і іх вернасць не пахіснулася ад страху і збянтэжанасці.
Каб гэтая праўда захавалася на стагоддзі, Езус стварае супольнасць – Касцёл. Ён даручае вучням місію: абвяшчаць Божае слова і дараваць грахі. А Пятру Хрыстус дае асаблівае месца – быць моцнай «скалой», якая трымае ўсіх астатніх разам, захоўвае адзінства і чысціню веры.
Як я стаўлюся да Касцёла і яго кіраўніцтва, якое Хрыстус заснаваў на скале апостала Пятра? Ці імкнуся я з даверам і павагай прымаць навучанне і рашэнні Святога Айца, бачачы ў гэтым дзеянне Святога Духа?
«А вы кім лічыце Мяне?» – як бы я адказаў на гэтае пытанне Езуса сёння? Навакольныя людзі, інтэрнэт ці тэлебачанне могуць мець розныя, часам вельмі дзіўныя думкі пра Бога. Аднак вера – гэта не тое, што кажуць іншыя. Гэта тое, што адбываецца ў нашым уласным сэрцы.
Пане, дзякую Табе за сённяшняе Слова і мудрасць, схаваную ў ім. Дай мне ласку заўсёды чуць Твой голас сярод тлуму гэтага свету і мець адвагу адказваць Табе шчырай любоўю і вернасцю. Навучы мяне з даверам прымаць навучанне Твайго Касцёла, асабліва ў хвіліны сумненняў і крызісаў.
кс. Валерый Марціноўскі