Належаць Хрысту – гэта глыбокі і неацэнны дар, з якім не могуць параўнацца ніводныя чалавечыя адносіны. Таму нават самыя блізкія людзі не могуць быць перашкодаю паміж мною i спаўненнем Божай волі.
Езус сказаў сваім Апосталам: Хто любіць бацьку ці маці больш, чым Мяне, не варты Мяне. І хто любіць сына ці дачку больш, чым Мяне, не варты Мяне. I хто не бярэ крыжа свайго і не ідзе за Мною, той не варты Мяне. Хто знайшоў жыццё сваё, страціць яго. А хто страціў жыццё сваё дзеля Мяне, знойдзе яго. Хто прымае вас, Мяне прымае. А хто прымае Мяне, прымае таго, хто паслаў Мяне. Хто прымае прарока ў імя прарока, узнагароду прарока атрымае. І хто прымае справядлівага ў імя справядлівага, узнагароду справядлівага атрымае. I хто напоіць аднаго з малых гэтых толькі кубкам халоднай вады ў імя вучня, сапраўды кажу вам, не страціць узнагароды сваёй.
Прыняць Хрыста – значыць даверыцца Яму цалкам. Таму словы пра любоў да бацькоў ці дзяцей ідуць побач з запрашэннем узяць свой крыж. Несці крыж за Езусам – гэта не проста цярпенне, а гатоўнасць заставацца верным Яму ў цяжкія хвіліны, нават калі даводзіцца сустракаць неразуменне ці асуджэнне за веру з боку іншых людзей.
Словы «знайсці жыццё сваё» пад уплывам габрэйскай ідыёмы азначаюць захаванне самога сябе, сваіх выгодаў і бяспекі. Але Хрыстус паказвае іншы шлях: калі мы з любові да Яго выходзім насустрач іншым і не баімся ахвяраваць сваім часам ці выгодамі, мы адкрываем сапраўдную поўню і прыгажосць жыцця.
Ці гатовы я аддаць сваё жыццё, планы і камфорт за веру? Ці даводзілася мне ўжо рабіць выбар паміж чалавечай бяспекай і рызыкай дзеля Евангелля? Што менавіта я баюся страціць дзеля Хрыста сёння?
Хто ці што ў маім штодзённым жыцці стаіць вышэй за Бога? Як я магу зрабіць сваё сэрца больш адкрытым для Божага Провіду?
Езус заканчвае сваю прамову на цёплай ноце: «Хто прымае вас, Мяне прымае». Нябесны Айцец, які паслаў свайго Сына і Яго вучняў, адкрывае перад намі вялікую таямніцу: кожны, хто з любоўю прымае чалавека ў імя Езуса, запрашае самога Бога ў сваё сэрца, дом і штодзённасць. Ці можна ўявіць благаслаўленне, якое было б больш багатым і суцяшальным за гэта?
кс. Валерый Марціноўскі