Сёння разам з іншымі каталікамі я распачынаю Адвэнт – час радаснага чакання. Напэўна, не раз у сваім жыцці я чакаў чагосьці альбо кагосьці.
Езус сказаў вучням сваім: Глядзіце, чувайце, бо не ведаеце, калі настане час той. Падобна гэта да чалавека, які, вырушаючы ў далёкую дарогу, пакінуў дом свой, даў слугам сваім уладу, і кожнаму сваю працу, і загадаў брамніку чуваць. Дык чувайце ж і вы, бо не ведаеце, калі прыйдзе гаспадар дому: увечары, ці апоўначы, ці пры спеве пеўняў, ці раніцай; каб не застаў вас спячымі, калі вернецца неспадзявана. А што вам кажу — кажу ўсім: Чувайце!
Перыяд Адвэнту з'яўляецца актыўным чаканнем не толькі Раства, але і другога прыйсця Хрыста – парузіі. У Бібліі яно абяцанае як з'яўленне Госпада ў славе. Сёння ў Евангеллі яно названа прыходам Гаспадара дому. А я запрошаны чакаць Яго, будучы актыўным у малітве і ў іншых справах.
Словы «адвэнт» у лацінскай мове і «парузія» ў грэцкай перасякаюцца ў значэннях і тлумачацца, у тым ліку, як «прыйсце», «прыбыццё». Таксама парузія разумеецца ў містычным сэнсе як прыбыванне Бога ў сакрамантах.
Што для мяне абазначае актыўна чакаць Раства? Магчыма, гэта значыць перажываць асаблівыя ранішнія св. Імшы – Рараты? Альбо чытаць Біблію кожны дзень і пасля разважаць прачытанае? Праз слова я магу падрыхтавацца да сакраманту пакаяння і паяднання і прыступіць да яго. Яшчэ я магу дзяліцца перажываннем радасці Адвэнту са сваімі сябрамі.
Ніхто не ведае, калі Гаспадар прыйдзе. Гэта матывуе да пільнасці, каб не прапусціць Яго з'яўленне. А калі б ты даведаўся, што Ён прыйдзе ў канкрэтны час, што б зрабіў? Як бы ты сябе павёў?
Па сутнасці, усё нашае жыццё як хрысціян з’яўляецца Адвэнтам. Госпадзе, прашу, дапамажы мне не марнаваць час, які Ты мне даў. Дапамажы быць актыўным і радасным ў чаканні святкавання Раства і парузіі. Навучы чакаць Цябе, Пане, у кожным дні, а разам з тым і Твайго другога прыйсця ў хвале.
кс. Аляксандр Фамяных