Восень набліжаецца да завяршэння, зіма ўжо грукае ў дзверы. Рыхтуюся да зімы і я. Трэба пераадолець жыццёвыя клопаты і быць гатовым да прыйсця Пана, чакаць Яго, чуваць і маліцца.
Езус сказаў сваім вучням: Зважайце ж на сябе, каб сэрцы вашыя не былі абцяжараныя пахмеллем і п’янствам, і жыццёвымі клопатамі, і каб дзень той не застаў вас неспадзявана, як пастка. Бо ён прыйдзе на ўсіх, хто жыве на паверхні ўсёй зямлі. Дык чувайце ўвесь час і маліцеся, каб вы маглі пазбегнуць усяго таго, што павінна адбыцца, і стаць перад Сынам Чалавечым.
Свет хоча абцяжарыць нас пахмеллем і п’янствам у літаральным сэнсе слова, а ў пераносным – прагне паглынуць жыццёвымі клопатамі. Варта пачытаць ці паглядзець навіны – у іх гучыць дакор. Каму патрэбна тое хрысціянства ў век лічбавых тэхналогій і ШІ? Калі Езус такі неймаверны, дык чаму тады ў свеце столькі праблем? Адказаць на гэта можа той, хто чувае і моліцца ў Хрысце і з Хрыстом.
Заклік Пана «ўвесь час» адносіцца і да слова «маліцеся». Чуванне і малітва ўзаемазвязаныя; пра безупынную малітву казаў Езус у прыпавесці пра ўдаву і няправеднага суддзю. Мэта чування і малітвы – умацаваць мае сілы, каб вытрываць будучыя выпрабаванні і атрымаць узнагароду.
У 675 артыкуле Катэхізіса Каталіцкага Касцёла сказана: да другога прыйсця Хрыста Касцёл павінен прайсці праз апошняе выпрабаванне, якое падарве веру многіх вернікаў. Таму, каб пазбегнуць будучых няшчасцяў і годна стаць перад Сынам Божым, я мушу чуваць і маліцца, спадзеючыся на Хрыста.
Сёння варта задаць сабе пытанне: ці ёсць у мяне вера, каб жыць з Хрыстом і ў Хрысце? Калі я апошнім разам правёў час у ціхай малітве і адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнта? Ці стараюся я штодня чытаць і разважаць Біблію?
Ці разумею я, што толькі дзякуючы Яго ласцы і бязмежнай любові і моцы Духа Святога, якога Пан дае шчодрай мерай, я магу пераадолець усе выпрабаванні? «Бо гэта Бог ёсць тым, хто чыніць у вас жаданне і дзеянне паводле свайго ўпадабання» (Флп 2, 13).
Пане, дай мне сілы чуваць і маліцца з удзячнасцю, бо гэта Ты даеш стомленаму сілу. Ты даў мне меч свайго Слова і шчыт веры, панцыр праведнасці, шлем паратунку, хлеб жывы ў Эўхарыстыі і веруючых братоў і сясцёр, якія падтрымліваюць мяне ў складаныя часы сваёй малітвай. Дапамажы, каб я мог знесці ўсе выпрабаванні, чуваць і маліцца, каб, калі прыйдзе час сустрэцца з Табою, я быў гатовы.
кс.Аляксандр Фамяных