Знакі, якія сёння пералічвае Езус, з’яўляюцца прыкметай набліжэння канца свету. Ці ўмею я чытаць гэтыя знакі, давяраць Слову і жыць згодна з тым, што Хрыстос адкрывае мне ў Евангеллі?
Езус сказаў сваім вучням: Паглядзіце на смакоўніцу і на ўсе дрэвы. Калі яны ўжо распускаюцца, то, убачыўшы гэта, ведаеце самі, што ўжо блізка лета. Так і вы, калі ўбачыце, што гэта адбываецца, ведайце, што наблізілася Валадарства Божае. Сапраўды кажу вам, не міне пакаленне гэтае, як усё збудзецца. Неба і зямля пройдуць, слова ж Маё не праміне.
Лісце на смакоўніцы паказвае на пару года, якая ўжо надышла. Для абранага народа гэта мусіла стаць часам навяртання. Смакоўніца ў Старым Запавеце – гэта вобраз абранага народа. Бог пасылаў сваіх прарокаў, каб заклікаць яго да навяртання. І калі надышла паўната часу, Бог спаслаў свайго адзінароднага Сына як знак пакаяння і набліжэння Божага Валадарства.
Святы Эфрэм Сірын падкрэслівае, што зямля і нябёсы, якія здаюцца чалавеку самымі непахісным элементамі створанага свету, насамрэч часовыя. А словы Хрыста маюць Боскую сілу, бо Ён сам – Стварыцель. Бачны свет будзе зменены і абноўлены, а ісціна Божая нязменная.
Айцы Касцёла вучаць прымаць словы Пана не са страхам, а з надзеяй. Гэтыя выпрабаванні – толькі пакуты перад нараджэннем новага свету. Нашая галоўная задача, згодна з іх вучэннем, – не вылічваць дакладныя даты, а бесперапынна чуваць і захоўваць вернасць Божаму слову, якое вечна трывае.
Праз сённяшні тэкст Пан задае пытанні кожнаму з нас: кім з’яўляецца для мяне Хрыстос? Ці давяраю я Яго слову і ці ўмею чытаць у сваім жыцці знакі набліжэння і прысутнасці Божага Валадарства?
Як я магу падрыхтавацца да прыйсця Божага Валадарства? Што магу зрабіць для гэтага прама цяпер? Актыўным ці пасіўным будзе маё чаканне?
Пане Езу Хрыстэ, уцелаўлёнае Слова, дапамажы нам жыць згодна з Тваёй навукай, вядзі дарогай даверу Табе і Твайму слову – жывому і дзейснаму, вечнаму і поўнаму Боскай сілы.
кс. Аляксандр Фамяных