Езус кажа словы, згаданыя ў сённяшнім Евангеллі, не для таго, каб напалохаць нас, а каб заклікаць да навяртання, каб мы не дазволілі злу зрабіць нашы душы падобнымі да спустошанага Ерузалема.
Езус сказаў сваім вучням: Калі ж убачыце Ерузалем, акружаны войскам, тады ведайце, што наблізілася спусташэнне ягонае. Тады ўсе, хто ў Юдэі, няхай уцякаюць у горы, а хто ў горадзе, няхай выходзяць з яго, і хто ў вёсках, няхай не ўваходзяць у яго, бо гэта дні помсты, каб збылося ўсё напісанае. Гора ж цяжарным і кормячым ў тыя дні, бо вялікі будзе ўціск на зямлі і гнеў на гэты народ. І палягуць ад вастрыя мяча, і будуць забраныя ў палон да ўсіх народаў. А Ерузалем будзе таптаны язычнікамі, пакуль не скончацца часы язычнікаў. І будуць знакі на сонцы і месяцы, і зорках, а на зямлі — спалох народаў і замяшанне ад гулу марскога хвалявання. Людзі будуць млець ад страху і ад чакання таго, што прыйдзе на свет, бо захістаюцца моцы нябесныя. І тады ўбачаць Сына Чалавечага, які будзе ісці ў воблаку з моцаю і славаю вялікай. Калі ж гэта пачне адбывацца, тады выпрастайцеся і падыміце галовы вашыя, бо набліжаецца адкупленне вашае.
Гэтыя два апавяданні пра разбурэнне Ерузалема і пра канец свету заклікаюць да чуйнасці: мы павінны быць падрыхтаваны да выпрабаванняў, але ў той жа час гатовыя стаць перад Божым судом у канцы часоў з нашымі ўчынкамі, якія, спадзяёмся, будуць добрымі. Правільны падыход да чуйнасці – не баяцца таго, што можа здарыцца, а жыць як дзеці Божыя, у міласэрнасці, малітве, пакоры і евангельскай прастаце.
«Людзі будуць млець ад страху...» Страх чалавецтва перад эсхаталагічнымі падзеямі можна параўнаць са страхам Адама ў Эдэме, дзе ён пасля свайго граху схаваўся. Калі чалавеку не хапае веры ў тое, што Бог жадае шчасця чалавеку, тады ў яго сэрцы ўзнікаюць страх і жах перад падзеямі канца свету.
Што я адчуваю ў сэрцы, калі думаю пра апошнія часы? Ці здольны я адарвацца ад штодзённых зямных спраў, каб заўважыць духоўнае вымярэнне свайго жыцця?
Ці гатовы я да прыйсця Пана? Ці прыкладаю намаганні, каб чуванне і малітва былі ў цэнтры майго жыцця? Якое рашэнне я збіраюся прадставіць Богу на надыходзячы перыяд Адвэнту?
Божа, мой Стварыцель і Пан, напоўні мяне сваёй прысутнасцю. Напоўні мяне сваім Духам. Ты бачыш, як лёгка ўва мне ўзнікаюць страх і трывога. У мяне не хапае сіл выконваць простыя штодзённыя справы. Думкі пра ўласную смерць і смерць маіх блізкіх мучаць мяне. Прашу Цябе, забяры ўсё гэта ў мяне. Вызвалі мяне ад спакус дэмана смутку і страху. Няхай ува мне народзіцца сапраўдная свабода.
Юрый Варанко