Маё першае пакліканне – быць чалавекам, далей – хрысціянінам. Пасля ёсць пакліканне да сужэнства, святарства ці манаства. З'яўляцца рыбаком людзей – гэта апостальскае пакліканне, як у апостала Андрэя.
Калі Езус праходзіў каля Галілейскага мора, убачыў двух братоў: Сымона, якога называлі Пятром, і ягонага брата Андрэя, якія закідалі сеткі ў мора, бо яны былі рыбакамі. І сказаў ім: Ідзіце за Мной, і Я зраблю вас лаўцамі людзей. Яны адразу пакінулі сеткі і пайшлі за Ім. А калі пайшоў адтуль далей, Ён убачыў іншых двух братоў: Якуба, сына Зэбэдэя, і Яна, брата ягонага, якія ў чаўне з бацькам іхнім Зэбэдэем правілі свае сеткі. І Ён паклікаў іх. Яны адразу пакінулі човен і бацьку свайго, і пайшлі за Ім.
Апостал Андрэй быў рыбаком. Існуе меркаванне, што рыбакі былі беднымі. Яны не былі багацеямі, але мелі добры заробак. Хлеб і рыба ў Галілеі былі асноўнымі прадуктамі харчавання. Рыбу з Галілеі вазілі нават у Рым. Св. Андрэй пакідае сваю цяжкую, але прыбытковую справу, чуючы заклік Хрыста пайсці за Ім і стаць лаўцом людзей. Не разумеючы гэтага спачатку, ён ім становіцца, дзякуючы Хрысту і праз Яго.
Св. Ян Залатавусны так пісаў пра апостала Андрэя: «Дзіўна памяць Андрэя і ўспамін сеткі, якую ён ужыў для прыцягнення народаў да Хрыстовай веры. Не струхнеюць тыя прылады лоўлі, якія зроблены не чалавечым мастацтвам, але Божай ласкай».
А мог бы я сёння, як св. Андрэй, адгукнуцца на заклік Хрыста і пакінуць лодку свайго выгаднага жыцця? Гэта можа азначаць і паездку на місіі ў далёкія краі, як гэта зрабіў апостал. А яшчэ можа датычыць ролі апостала для маіх родных, якім св. Андрэй быў для свайго брата Пятра.
Якое пакліканне ёсць у цябе? Як ты рэалізуеш яго і ў чым гэта выяўляецца? Св. Андрэй, пачуўшы голас Госпада, пайшоў за ім і на самым пачатку сваёй апостальскай місіі прывёў свайго брата Сымона да Езуса Хрыста. Ці сведчыш ты пра Хрыста ў сям'і і там, дзе ты знаходзішся, сваім жыццём, радасцю, словам, сваімі паводзінамі?
Госпадзе, дзякую табе за маё пакліканне быць чалавекам і хрысціянінам. Адкрый маё сэрца і дай зразумець, да чаго ты мяне яшчэ заклікаеш. Зрабі так, каб я мог стаць Тваім апосталам, як св. Андрэй. Дапамажы мне пакінуць сеткі майго страху, лодку выгады і тое, што мяне адлучае ад Цябе. Навучы любіць Цябе і блізкага майго, як самога сябе, навучы мяне дзяліцца Тваёй любоўю.
кс. Аляксандр Фамяных