Мы часта захапляемся прыгажосцю, і прыцягвае нас шмат чаго ў жыцці. Напрыканцы года Божае слова нагадвае нам, што ўсё на зямлі, якім бы важным і прыгожым яно ні было, мінае. Нічога не застанецца.
Калі некаторыя гаварылі пра святыню, што яна ўпрыгожана каштоўнымі камянямі і дарамі, Езус сказаў: Прыйдуць дні, калі з таго, што вы тут бачыце, не застанецца каменя на камені, які не будзе павалены. І спыталіся ў Яго: Настаўнік, калі ж гэта станецца і што будзе знакам, калі гэта павінна адбыцца? Ён сказаў: Глядзіце, каб вас не звялі, бо шмат хто прыйдзе пад імем Маім, кажучы «гэта Я», — і: «наблізіўся час». Не ідзіце за імі. Калі ж пачуеце пра войны і хваляванні, не палохайцеся, бо спачатку гэта павінна адбыцца, але канец не адразу. Тады сказаў ім: Паўстане народ на народ, і каралеўства на каралеўства; будуць вялікія землятрусы, а месцамі голад і мор, і жахлівыя з’явы, і вялікія знакі з неба.
Разбурэнне святыні сімвалізуе канец старога свету. Мы хочам ведаць, калі гэта адбудзецца і якімі будуць знакі. Быццам бы мы маглі б нешта зрабіць, каб пазбегнуць гэтага. Чалавек прагне выратавацца ад смерці. Усе філасофіі, тэхналогіі і мастацтва часта служаць таму, каб неяк адхіліць смерць, схаваць праблему, адкласці яе або ўжыць нейкі «анестэтык». «Не ідзіце за імі». Ніхто не пазбегне смерці.
«Але канец не адразу», – гэта азначае, што, з аднаго боку, у нас ёсць час для выратавання, і мы павінны ім скарыстацца; але з іншага боку, канец усё роўна прыйдзе. Так, Езус прыйдзе «судзіць жывых і памерлых», як мы вызнаём у Сімвале веры.
Катэхізіс кажа: «Езус (...) атаясаміў сябе са святыняй,(...) як канчатковае месца пражывання Бога сярод людзей. Вось чаму адданне Яго на смерць абвяшчае разбурэнне святыні, якое будзе азначаць уваход гісторыі збаўлення ў новую эпоху: “не на гэтай гары, і не ў Ерузалеме будзеце пакланяцца Айцу”».
Як навіны пра розныя катастрофы, злачынствы і войны ўплываюць на тваю веру? Дзе ты шукаеш тлумачэння гэтым падзеям і як у гэтым кантэксце адносішся да Бога? Ці бывае так, што ты абвінавачваеш Яго ці агучваеш прэтэнзіі?
У сітуацыі, калі чалавек не хоча прымаць сваёй рэальнасці і шукае тых адказаў, якія яму лепш адпавядаюць, з'яўляецца шмат тых, хто такія зручныя адказы прапаноўвае, і падмануцца вельмі лёгка. Што можа мяне падмануць? Як мне застацца верным?
Пане, калі ўсё вакол мяне хістаецца, Ты трываеш. Не дазваляй майму сэрцу засяроджвацца на тым, што будзе разбурана. Няхай мая бяспека будзе толькі ў Табе, а не ў камянях, якія я пабудаваў. У хвіліны трывогі зрабі мяне чалавекам спакою і чуйнасці. Ты – адзіны падмурак, які не пахіснецца.
Юрый Варанко