Фразеалагізм «удовін грош» часта ўжываецца ў нашай мове. Аднак, здаецца, мы забываемся пра яго сапраўдны сэнс, глыбейшы за адданне апошняй найкаштоўнейшай рэчы, якая ў цябе ёсць.
Езус паглядзеў і ўбачыў багатых, якія кідалі свае дары ў скарбонку. Убачыў таксама і бедную ўдаву, якая кідала туды дзве лепты, і сказаў: Праўду кажу вам, што гэтая бедная ўдава больш за ўсіх укінула. Бо ўсе яны кідалі дар, маючы лішка, а яна, будучы ў нястачы сваёй, укінула ўвесь пажытак свой, які мела.
Жанчына аддала ўсё і такім чынам усклала ўсю сваю надзею на Бога. Гэта спадабалася Езусу. Бог не хоча ад нас многа ці мала – Ён хоча ўсяго. Езус казаў: «Ніхто з вас, калі не пакіне ўсяго, што мае, не можа быць Маім вучнем» (Лк 14, 33). Менавіта ў гэтым сэнс: не прывязвацца ні да чаго ў гэтым свеце, ускладаць сваю надзею выключна на Бога і лічыць толькі Яго найвышэйшай каштоўнасцю.
«Гэтая бедная ўдава больш за ўсіх укінула». Да сваёй матэрыяльнай ахвяры яна дадала велізарную любоў і веру ў Божы клопат пра яе. Важна, каб мы таксама дадавалі падобны духоўны дар да кожнай нашай ахвяры, да дапамогі, якую аказваем іншым.
Калі журналісты спыталі Маці Тэрэзу, у чым сэнс яе працы, бо яна ж усё адно не знішчыць усё гора ў свеце, Маці Тэрэза адказала: «Я ўсведамляю, што мы – толькі маленькая кропля ў акіяне няшчасцяў і пакут, але калі б гэтай кроплі не было, чалавечыя пакуты і няшчасці былі б яшчэ большымі».
Бедная ўдава ўкінула дзве манеты, хоць магла б адну пакінуць сабе (на так званы «чорны дзень»). А што ж я? Ці здольны я таксама аддаць усё Богу, не пакінуўшы нічога сабе? Ці дазваляю Богу ўвайсці ва ўсё куточкі майго жыцця?
Крыху раней за гэтае здарэнне ў святыні Езус у размове з адным юнаком сказаў: «Усё, што маеш, прадай і раздай убогім, і будзеш мець скарб у нябёсах. Потым прыходзь і ідзі за Мною» (пар. Лк 18, 22). А калі я пастаўлю сябе на месца гэтага юнака, то якім будзе мой адказ?
Пане Езу, прымі маю нязначнасць, мае пустыя рукі, мае падзенні. Прымі мяне такім, які я ёсць. Я – Твая прылада. Я даверыўся Табе і даручыў Табе сваё жыццё. Вядзі мяне і перамяні мяне паводле Тваёй волі. Я Твой.
Юрый Варанко