Як можна навучыцца любіць? Ці не занадта гэта складана? Калі хтосьці хоча атрымаць добрую адукацыю,то ідзе ў добрую школу. Найлепшы настаўнік любові – гэта Езус.
Езус сказаў сваім вучням: Калі ж прыйдзе Сын Чалавечы ў славе сваёй і ўсе Анёлы з Ім, тады сядзе на троне славы сваёй. I сабраныя будуць перад Ім усе народы, і аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў. І паставіць авечак праваруч, а казлоў — леваруч. Тады скажа Валадар тым, хто праваруч Яго: Прыйдзіце, благаслаўлёныя Айца Майго, прыміце ў спадчыну Валадарства, падрыхтаванае вам ад стварэння свету. Бо Я быў галодны, і вы далі Мне есці; прагнуў, і вы напаілі Мяне; быў падарожным, і вы прынялі Мяне; быў голы, і вы апранулі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; быў у вязніцы, і вы прыйшлі да Мяне. Тады адкажуць Яму справядлівыя: Пане, калі мы бачылі Цябе галодным і накармілі, ці сасмяглым і напаілі? Калі мы бачылі Цябе падарожным і прынялі, ці голым і апранулі? Калі мы бачылі Цябе хворым ці ў вязніцы і прыйшлі да Цябе? I Валадар скажа ім у адказ: Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі. Тады скажа і тым, хто леваруч Яго: Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, падрыхтаваны д’яблу і анёлам ягоным. Бо Я быў галодны, і вы не далі Мне есці; прагнуў, і вы не напаілі Мяне; быў падарожным, і вы не прынялі Мяне; быў голы, і вы не апранулі Мяне; быў хворы і ў вязніцы, і вы не адведалі Мяне. Тады і яны адкажуць Яму, кажучы: Пане, калі мы бачылі Цябе галодным ці сасмяглым, ці падарожным, ці голым, ці хворым, ці ў вязніцы, і не ўслужылі Табе? Тады скажа ім у адказ: Сапраўды кажу вам: Чаго вы не зрабілі аднаму з гэтых меншых, таго не зрабілі Мне. І гэтыя адыдуць на вечнае пакаранне, а справядлівыя — да вечнага жыцця.
Прысуд Валадара здзіўляе ўсіх. Справядлівыя здзівіліся, бо не чакалі ўзнагароды за тое дабро, якое зрабілі на працягу свайго жыцця. Яны не стаялі перад Панам з нейкай заслугай. Бо неба нельга заслужыць. Неба – гэта дар, але не ў тым сэнсе, што яно нам нічога не каштуе, а таму, што, у рэшце рэшт, Бог стаіць за кожнай добрай справай, якую мы робім, хоць гэта не выключае нашых намаганняў.
Валадарства Нябеснае належыць бедным і малым, гэта значыць тым, хто прыняў яго з пакорлівым сэрцам. Езус падзяляе жыццё бедных – ад ясляў да распяцця. Больш за тое, Ён атаясамлівае сябе з рознымі гаротнікамі і дзейсную любоў да іх робіць умовай уступлення ў сваё Валадарства (гл. ККК 544).
Адной з тых, хто сур’ёзна ўспрыняў словы Езуса і бачыў Яго ў кожным, хто меў патрэбу, была святая Маці Тэрэза, якая прысвяціла сваё жыццё служэнню найбяднейшым. Яна здзівіла свет, стаўшы натхненнем для многіх маладых сэрцаў па ўсім свеце і сведчаннем хрысціянскай любові, закаранёнай у Богу.
Здаецца, што немагчыма не разважаць аб будучыні і аб тым, што нас чакае пасля гэтага жыцця, і мы паволі прызвычайваемся да гэтых думак. Аднак важна задаць сабе пытанне: чаму я думаю аб будучыні, што ўва мне змушае скіроўваць думкі па-за межы гэтага жыцця?
Калі я дапамагаю камусьці ў патрэбе, то ў чым мая матывацыя? Жаданне палепшыць меркаванне аб сабе ці шчыры клопат пра іншага чалавека?
Святасць не пачынаецца з вялікіх учынкаў – яна праяўляецца ў простых рэчах. Але многім цяжка ў гэта паверыць, таму яна здаецца недасяжнай. Напрыклад, ці падаць кубак вады, паклапаціцца аб адзенні, наведаць некага ў шпіталі ці вязніцы, прыгледзець за дзіцём, выслухаць іншага, рабіць дробныя штодзённыя паслугі – хіба гэта перавышае чалавечыя магчымасці? Ці патрабуе гэта вялікай адукацыі або багацця?
Юрый Варанко