Месца, дзе прабывае і дзейнічае Бог, святое і асаблівае – там можна адчуць шматлікія ласкі. Яшчэ Бог хоча жыць і дзейнічаць у кожным з нас, таму не абмежаваны нават самым прыгожым храмам.
Езус увайшоў у святыню і пачаў выганяць гандляроў, кажучы ім: Напісана: дом Мой ёсць домам малітвы, а вы зрабілі з яго логава злодзеяў. І штодня вучыў у святыні. Але першасвятары, і кніжнікі і старэйшыя народу шукалі, як забіць Яго. І не знаходзілі, што ўчыніць Яму, бо ўвесь народ, затаіўшы дыханне, слухаў Яго.
Мы маем схільнасць скардзіцца на свет вакол – што ён поўны подласці і зла. Аднак мала ўвагі звяртаем на ўласныя сэрцы. У свеце ёсць і, верагодна, будзе шмат зла яшчэ доўга, але гэта не самае горшае. Найгоршае, што мы ператвараем сваё сэрца, свой храм, у «логава злодзеяў». Гэта азначае, што яно бывае хутчэй месцам гандлю і падману, чым шчырай малітвы, якая вучыць бескарыслівасці і шчодрасці.
Ерузалемскі храм з’яўляецца сімвалам Касцёла – святыні, пабудаванай з жывых камянёў. Як выгнанне гандляроў з храма можа тычыцца Касцёла? Асуджаць іншых было б занадта лёгка. Перш за ўсё я павінен спытаць сябе, ці не ператвараю Касцёл у «логава злодзеяў», ці не вяду падвойнага жыцця?
Калі Езус закранае складаную для мяне справу, я магу займаць абарончую пазіцыю. Гэта нармалёва баяцца болю, страт і нязручных сітуацый. Таксама яшчэ злы дух робіць усё, каб аддаліць мяне ад Хрыста. Важна памятаць, што Бог заўсёды на маім баку. Што адбываецца, калі адчуваю згрызоты сумлення? Ці доўга абараняюся?
Пане Езу, зрабі парадак у маёй душы, якая павінна быць Тваім храмам, зрабі парадак ува мне, бо я з'яўляюся часткай Твайго Касцёла. Выкінь з маёй душы ўсё, што Табе не падабаецца. Аднаві яе сапраўдную святасць. Няхай усё ў маім жыцці будзе для Тваёй славы!
Юрый Варанко