У Евангеллі мы неаднаразова бачым бяссілле Езуса перад чалавечымі сэрцамі, абцяжаранымі грахом – перад слепатой у адносінах да Бога, перад адмовай слухаць, мяняцца. І Хрыстос паважае свабоду людзей.
Калі Езус наблізіўся да Ерузалема і ўбачыў яго, заплакаў над ім і сказаў: О, калі б і ты ў гэты дзень пазнаў, што служыць для спакою твайго. Але цяпер гэта схавана ад вачэй тваіх. Бо прыйдуць да цябе такія дні, калі ворагі твае абкапаюць цябе валам, і акружаць цябе, і сціснуць з кожнага боку. І зраўнаюць з зямлёю цябе і дзяцей тваіх з табою, і не пакінуць каменя на камені за тое, што ты не пазнаў часу адведзінаў сваіх.
Я часта разумею, што грашу, – раблю не тое, пра што Бог кажа ў сваім Слове, вучэнні Касцёла і запаведзях. Мімалётныя рэчы, якія не напоўняць мяне, становяцца важнейшымі за Бога. Але пакуль я жыву, Бог будзе шукаць шляхоў да майго сэрца. Ён будзе накіроўваць мяне, падтрымліваць. Калі не паслухаю і адкіну ўсё, што Бог робіць для мяне, то таксама апынуся ў небяспецы, як Ерузалем.
«О, калі б і ты ў гэты дзень пазнаў»... Дадзеныя словы кажуць, што нешта скончылася, прайшло, чагосьці не адбылося. Людзі з ахвотай прынялі цуды і знакі – нават хацелі зрабіць Езуса царом – але яны не хацелі мяняць свайго жыцця і не прынялі рашэння ісці за голасам Бога.
Бог прыходзіць да кожнага чалавека па-рознаму. Як я магу распазнаць Яго прысутнасць, Яго дзеянне? Госпад прысутнічае ў тым, што служыць супакою. Ён прыходзіць з прабачэння, служэння, пакоры, удзячнасці – адным словам, з любові. Варта падумаць, ці такія праявы любові прысутнічаюць у маім жыцці.
Хрыстос бачыў, куды жыхароў Ерузалема прывядзе іх пастава: празмерная ўпэўненасць у сабе і сляпое ўяўленне аб рэчаіснасці. Яны прыносілі ахвяры Богу, старанна выконвалі запаведзі, але… не чулі Бога і не прымалі Яго. Яны не хацелі змяняць сваё жыццё. Ці не заўважаю я ў сабе такой падмены – фармальнага практыкавання веры замест жывых адносін з Богам?
Я не магу быць прарокам пагібелі, але маю быць чалавекам надзеі. Я ведаю канец гісторыі, ведаю, што Хрыстос «разбурыў сцены» і «парваў кайданы». Слёзы, якія Ён праліў у сённяшнім Евангеллі, прадказваюць кроў, якой Ён выратаваў нас. Твае слёзы, Езу, з-за жорсткасці чалавечага сэрца – гэта знак Тваёй любові таксама і да мяне. Дапамажы майму сэрцу не супраціўляцца Твайму супакою.
Юрый Варанко