Што азначае «зарабляць»? Езус вучыць нас, што мы атрымліваем найбольш, калі шчодра дзелімся тым, што маем, з іншымі.
Езус расказаў прыпавесць, бо Ён быў блізка да Ерузалема, а яны думалі, што зараз з’явіцца Божае Валадарства. Таму сказаў: Пэўны чалавек шляхетнага паходжання адпраўляўся ў далёкую краіну, каб стаць каралём і вярнуцца. Паклікаўшы дзесяць сваіх слугаў, даў ім дзесяць мінаў і сказаў ім: Зарабляйце, пакуль не вярнуся. Але грамадзяне ненавідзелі яго і адправілі следам за ім пасланцоў, сказаўшы: Не хочам, каб валадарыў над намі. Калі ж ён стаў каралём і вярнуўся, сказаў паклікаць да сябе тых слуг, якім даў срэбра, каб даведацца, што яны зарабілі. Прыйшоў першы і сказаў: Гаспадáру, твая міна прынесла дзесяць мінаў. І сказаў яму: Выдатна, добры слуга; за тое, што ты ў малым быў верны, валадар над дзесяццю гарадамі. Прыйшоў і другі, кажучы: Гаспадáру, твая міна прынесла пяць мінаў. І сказаў гэтаму: І ты валадар над пяццю гарадамі. Прыйшоў і іншы, кажучы: Гаспадáру, вось твая міна, якую я трымаў, загарнуўшы ў хустку, бо я баяўся цябе, таму што ты чалавек жорсткі: бярэш чаго не клаў, і жнеш чаго не сеяў. Гаспадáр сказаў яму: Паводле вуснаў тваіх суджу цябе, кепскі слуга. Ты ведаў, што я чалавек жорсткі, бяру чаго не клаў, і жну, чаго не сеяў, чаму ж ты не пусціў срэбра майго ў абарот, каб я прыйшоў і забраў яго з прыбыткам? І сказаў тым, хто стаяў побач: Забярыце ў яго міну і аддайце таму, хто мае дзесяць мінаў. І сказалі яму: Гаспадáру, ён ужо мае дзесяць мінаў. Кажу вам, што кожнаму, хто мае, дадзена будзе; а ў таго, хто не мае, адымецца і тое, што мае. А тых ворагаў маіх, якія не хацелі, каб я валадарыў над імі, прывядзіце сюды і забіце іх перада мною. Сказаўшы гэта, Езус пайшоў далей, падымаючыся ў Ерузалем.
Развіццё атрыманага дару жыцця залежыць ад таго, як я ім карыстаюся. Калі вучуся адкрываць Божую волю і намагаюся ісці за ёй, то атрымліваю з лішкам, маю радасць і супакой. Калі ж раблю інакш, то пазбаўляю сябе творчага руху наперад, адчування Божай прысутнасці і здольнасці любіць. Маё жыццё не прыналежыць мне, і ёсць толькі адзін спосаб не паўтарыць долі нядбайнага раба – ісці за дарам веры.
«А ў таго, хто не мае, адымецца і тое, што мае». Бог дае патрэбную ласку ў кожнай сітуацыі. Прыкладаючы намаганні ў духоўным жыцці, я адкрываюся на яе і магу адчуць сілу, якая пераўзыходзіць маю ўласную. Калі лянуюся ці не жадаю разумець і прымаць волю Бога, то губляю нават пазасталыя рэшткі веры.
Гаспадар не ўказвае, як слугі павінны распараджацца даручанымі ім грашыма (мінамі). Ён ім давярае і дае свабоду. Гэтак жа Бог давярае і мне. Ці адчуваю ў сабе жаданне адкрываць Божую волю і кіравацца ёй па жыцці?
Божая воля адносна майго жыцця праяўляецца таксама ў маіх талентах і якасцях. Таму варта прыглядацца да сябе, заўважаць свае здольнасці – дары Бога. Ці магу іх распазнаць і адчуць удзячнасць? Якія з дароў лічу самымі значнымі ў маім жыцці?
Божа, навучы мяне мудрасці і разважлівасці ў заўважанні і прымяненні атрыманых ад Цябе дароў. Дапамажы выконваць усе ўчынкі і абавязкі– нават самыя дробныя – добрасумленна і з цяплом. Дай разуменне, што ўсё вялікае складаецца са шматлікіх дробных і, здавалася б, нязначных жэстаў, якія і напаўняюць маю штодзённасць і маё жыццё. А жыццё, безумоўна, дробяззю не з’яўляецца.
Юрый Варанко