Якія сустрэчы з майго жыцця я магу назваць лёсавызначальнымі? Перамена, якая адбылася з Закхеем пасля спаткання з Хрыстом, можа дапамагчы задумацца аб шчырасці маіх адносін з Езусам.
Езус увайшоў у Ерыхон і праходзіў праз яго. І вось адзін чалавек па імені Закхей, кіраўнік мытнікаў і багаты, стараўся ўбачыць Езуса, хто Ён такі, але не мог з-за натоўпу, таму што быў малога росту. Забегшы наперад, ён залез на смакоўніцу, каб убачыць Яго, бо Ён павінен быў там праходзіць. Калі Езус прыйшоў на гэтае месца, паглядзеў уверх і сказаў яму: Закхей, хутчэй спускайся, бо сёння мне трэба быць у тваім доме. Той хутка спусціўся і прыняў Яго з радасцю. А ўсе, убачыўшы гэта, пачалі наракаць і казалі, што Ён зайшоў пагасціць да грэшнага чалавека. Закхей жа ўстаў і сказаў Пану: Вось палову маёмасці сваёй, Пане, я аддам убогім і, калі каго ў чым ашукаў, аддам у чатыры разы больш. Езус сказаў яму: Сёння прыйшло збаўленне ў дом гэты, таму што і ён сын Абрагама. Бо Сын Чалавечы прыйшоў знайсці і выратаваць тое, што загінула.
Грэх зрабіў Закхея трагічна адзінокім. Ён згубіў сувязь з Богам, страціў павагу да сябе і кампенсаваў адсутнасць адносінаў назапашваннем маёмасці. Багацце стала для яго сэнсам жыцця. Людзі баяліся Закхея і адначасова пагарджалі ім. Езус «уварваўся» ў гэтую адзіноту. Ён вызваліў Закхея ад страху асуджэння, запрасіў да адносін з сабой і адказаў на яго сум – любоўю.
«Бо Сын Чалавечы прыйшоў знайсці і выратаваць тое, што загінула». Езус уваходзіць у жыццё чалавека, каб знайсці і выратаваць кожнага – як згубленую авечку, страчаную драхму, згубленага блуднага сына. Грэх – гэта не нейкае дробнае парушэнне, а катастрофа, ад якой толькі Хрыстос можа выратаваць мяне.
Св. Лука паказвае, што збаўленне – гэта ўзаемны пошук: любові Бога да чалавека, якая адкрывае сабе шлях да нашага сэрца, і любові чалавека да Бога, якая прачынаецца ў нас – нават там, дзе гэта здаецца немагчымым. Як збаўленне праяўляецца ў маім жыцці? Якія падзеі сведчаць пра тое, што Езус знайшоў мяне, увайшоў у маё жыццё і перамяніў яго?
У гісторыі Закхея радасць ад таго, што грэшнік збавіўся, сутыкаецца з нараканнем тых, хто аддаў бы перавагу бачыць яго асуджаным, чым навернутым. Магу задумацца: радасць ці асуджэнне часцей узнікае ў маім сэрцы?
Закхей чуе пра Езуса і ідзе за пачутым словам. Гэта дазваляе яму прыйсці да рэальнай сустрэчы з Хрыстом. Калі Езус звяртаецца да Закхея, той робіць менавіта тое, аб чым Ён просіць – мужна прымае выклік любові: прызнаецца ў сваіх грахах і выпраўляе ўчыненыя крыўды. Збаўленне, здзейсненае Езусам для мяне, не можа быць дасягнута без майго ўдзелу!
Юрый Варанко