Гэта здавалася відавочным: калі сляпы закрычаў і папрасіў аб літасці, ён хацеў вярнуць сабе зрок. Аднак Езус спытаў: «Што хочаш, каб я зрабіў табе?» Тое, чаго мы хочам, мае для Бога вялікае значэнне.
Калі Езус падыходзіў да Ерыхона, адзін сляпы сядзеў пры дарозе, просячы міласціну. Пачуўшы, што праходзіць натоўп, распытваўся, што гэта такое. Яму сказалі, што гэта праходзіць Езус Назаранін. Тады ён закрычаў: Езусе, Сыне Давіда, змілуйся нада мною. Тыя, хто ішоў наперадзе, загадвалі яму, каб замоўк. Ён жа яшчэ мацней крычаў: Сыне Давіда, змілуйся нада мною. Спыніўшыся, Езус загадаў прывесці яго да сябе. І калі той наблізіўся да Яго, спытаўся: Што хочаш, каб я зрабіў табе? Ён сказаў: Пане, каб я зноў бачыў. Езус сказаў у адказ: Будзь відушчым, вера твая ўратавала цябе. І той адразу пачаў бачыць, і пайшоў за Езусам, славячы Бога. І ўвесь народ, убачыўшы гэта, аддаў хвалу Богу.
Езус хоча, каб мы задумаліся над уласнымі жаданнямі і памкненнямі. Калі чалавек іх не ўсведамляе, ён можа казаць адно, а рухацца ў зусім іншым кірунку. Трэба размаўляць пра свае жаданні з Богам. І калі яны адпавядаюць Ягонай волі, Ён іх споўніць. Калі ж не, то Ён ачысціць іх і накіруе. Распазнаючы свае жаданні, мы заўсёды рухаемся да большай, глыбейшай чалавечай і хрысціянскай сталасці.
Крык сляпога: «Езусе, Сыне Давіда, змілуйся нада мною», – стаў малітвай Касцёла. Калі паўтараць яе ў цішыні сэрца, яна дапамагае выявіць грэх: асуджэнне, бунтарства, імкненне змяняць іншых замест саміх сябе, патрабавальнае стаўленне да Бога і людзей, зайздрасць, прагнасць да матэрыяльных дабротаў.
А чаго хачу я? Я не сляпы, таму мне не трэба вяртаць зрок. Але чаго ж тады я хачу? Ці добрае тое, чаго я прагну, і ці сапраўды яно мне неабходна? Ці хачу я таго, што найважнейшае?
Літасць, якую аказаў Езус сляпому, стала пачаткам яго навяртання. Ці насамрэч я хачу, каб Езус змілаваўся нада мною, ці аддаю перавагу спачуванню з боку людзей?
«Пане, каб я зноў бачыў»... Няма такой цемры, над якой Езус не меў бы ўлады. Праблема толькі ў тым, ці не прызвычаіліся мы да сваёй слепаты, ці не стала для нас ужо звычкай сядзець у паставе жабрака і не хапае рашучасці вырушыць услед за Святлом, бо гэты шлях патрабуе навяртання. Езу, дай мне бачыць, змілуйся нада мною, грэшнікам.
Юрый Варанко