Прыпавесць, якую мы чуем у сённяшнім Евангеллі, можна было б назваць так: што павінен рабіць вучань Езуса ў чаканні другога прыйсця Пана?
Езус расказаў сваім вучням гэтую прыпавесць: Пэўны чалавек, ад’язджаючы, паклікаў слуг сваіх і даручыў ім маёмасць сваю. Аднаму даў пяць талантаў, другому — два, іншаму — адзін, кожнаму паводле ўласных магчымасцяў, і ад’ехаў. Па доўгім часе прыходзіць гаспадар слугаў гэтых і патрабуе ад іх рахунку. Той, які атрымаў пяць талантаў, падышоў і прынёс яшчэ пяць талантаў і кажа: Гаспадар, пяць талантаў ты даў мне; вось яшчэ пяць талантаў я зарабіў на іх. Гаспадар ягоны сказаў яму: Добра, слуга добры і верны, у малым ты быў верны: над многім цябе пастаўлю. Увайдзі ў радасць гаспадара твайго.
Пад талантамі разумеецца ўсё тое, што Хрыстус давярае сваім паслядоўнікам: здольнасці, час, магчымасці, духоўнае разуменне і дар Духа. Гэта ўсё павінна памнажацца ў служэнні Евангеллю і ў асабістым духоўным росце вернікаў. Кожны, хто распараджаецца даверанымі яму дарамі, не з'яўляецца іх уласнікам, і ўрэшце павінен будзе даць справаздачу аб выніках.
Выраз «паводле ўласных магчымасцяў» азначае тое, што Бог не надзяляе сваімі дарамі па прынцыпе «ўсім пароўну», наадварот, грунтуючыся на глыбокім веданні чалавека, Ён «дапасоўвае» дары пад кожную асобу.
Давайце засяродзімся на некаторых важных дарах. Я атрымаў здольнасць дараваць. Як я прабачаю тым, хто мяне крыўдзіць? Як складваюцца мае адносіны з іншымі?
Я атрымаў сілу быць сведкам Езуса заўсёды і ўсюды, але што́ бачаць мае сябры, калегі і суседзі? Ці сапраўды яны бачаць ува мне вучня Езуса?
Езус, поўны любові, адкрывае сваім вучням тое, што павінна адбыцца. Размова пра канец свету, суд і разлік са слугамі мае на мэце не запалохаць каго-небудзь з нас, а хутчэй абудзіць руплівасць у «здабыванні» вечнага жыцця. Страх не падабаецца Богу, Ён шукае ў кожным чалавеку супрацоўніка, таго, хто ведае волю свайго Пана і імкнецца яе выканаць.
Юрый Варанко