Напэўна, кожны з нас сутыкаўся з такой сітуацыяй, калі нас вельмі настойліва прасілі аб нечым даволі працяглы час. Якая была наша рэакцыя і адказ, што мы адчувалі пры гэтым?
Езус расказаў сваім вучням прыпавесць пра тое, што трэба заўсёды маліцца і не падаць духам: У адным горадзе быў суддзя, які Бога не баяўся і людзей не саромеўся. У тым самым горадзе была адна ўдава, і яна, прыходзячы да яго, казала: Абарані мяне ад праціўніка майго. Але ён доўгі час не хацеў. А потым сказаў сам сабе: Хоць і Бога не баюся, і людзей не саромеюся, але з-за таго, што гэтая ўдава не дае мне спакою, абараню яе, каб яна не прыходзіла больш дакучаць мне. І сказаў Пан: Паслухайце, што кажа несправядлівы суддзя. Дык ці ж Бог не абароніць выбраных сваіх, якія просяць Яго дзень і ноч, хоць і марудзіць абараніць іх? Кажу вам, што неўзабаве абароніць іх. Аднак Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?
У сітуацыі, падобнай, як у гэтай удавы, Езус заклікае нас ператварыць пачуццё бездапаможнасці ў большую адданасць малітве. Ён заклікае нас «заўсёды маліцца і не падаць духам», спадзеючыся, што ў нас ёсць Айцец на нябёсах, які клапоціцца пра нашыя справы.
У Бібліі ўдава – сімвал безабароннага чалавека, які цалкам залежыць ад Бога. Пісанне неаднаразова загадвае праяўляць асаблівы клопат да ўдоваў. Цяжкае становішча ўдавы з евангельскай прыпавесці пагаршаецца абсалютнай абыякавасцю і жорсткасцю таго, хто павінен дапамагчы і абараніць яе.
Папа Францішак казаў: «Мы ўсе перажываем моманты стомленасці і прыгнечанасці, асабліва калі нашы малітвы здаюцца бясплённымі. Але Езус нас запэўнівае: у адрозненні ад несумленнага суддзі, Бог неадкладна выслухае сваіх дзяцей, хоць гэта не азначае, што Ён ўчыніць усё так, як мы гэтага пажадаем...»
Ці веру я, што маё жыццё ў руках Айца, які жадае найлепшага сваім дзецям?
А можа, я нашу ў сабе фальшывы вобраз Бога, уяўляючы Яго як несправядлівага і нячулага?
Шчырая і настойлівая малітва будзе заўсёды пачутая, асабліва калі мы часам адчуваем сябе пакінутымі на волю лёсу, як удава ў сённяшняй прыпавесці. Апошні сказ гаворыць нам пра тое, што вера – гэта дар, з якім трэба быць вельмі ўважлівым. Молім аб захаванні і памнажэнні ў нас гэтага каштоўнага дару.
Юрый Варанко