Будучыня – гэта тэма, якая заўсёды выклікае цікавасць. Хацелася б ведаць, што нас чакае, да чаго рыхтавацца. А яшчэ лепш – мець поўны кантроль над ёй.
Езус сказаў сваім вучням: Як было ў дні Ноя, так будзе і ў дні Сына Чалавечага. Елі, пілі, жаніліся, выходзілі замуж да таго дня, калі ўвайшоў Ной у каўчэг, і прыйшоў патоп і знішчыў усіх. Таксама было і ў дні Лота. Елі, пілі, куплялі, прадавалі, садзілі, будавалі. Але ў дзень, калі Лот выйшаў з Садомы, праліліся з неба агонь і сера і знішчылі ўсіх. Так будзе і ў той дзень, калі з’явіцца Сын Чалавечы. У той дзень, хто будзе на даху, а рэчы ягоныя ў доме, няхай не сыходзіць узяць іх. І хто будзе на полі, таксама няхай не вяртаецца назад. Узгадайце жонку Лота. Хто паспрабуе захаваць жыццё сваё, той загубіць яго, а хто загубіць яго, той ажывіць яго. Кажу вам: у тую ноч будуць двое на адной пасцелі: адзін будзе ўзяты, а другі застанецца; дзве будуць малоць разам: адна будзе ўзята, а другую пакінуць. У адказ сказалі Яму: Дзе, Пане? А Ён сказаў ім: Дзе мёртвае цела, там збяруцца і грыфы.
Канец гэтага свету не павінен нас пужаць. Аднак ён можа быць для нас страшным, калі мы занадта залежым ад зямных рэчаў, не думаючы пра прыгатаванае для нас жыццё вечнае. Трагедыя – гэта не канец свету, а жыццё без Бога. Бог не хоча рабіць са свайго прыйсця непрыемнага сюрпрызу, таму і дае нам гэта слова, каб мы маглі з радасцю чакаць і падрыхтавацца.
«У дні Сына Чалавечага» – гэты выраз пераносіць нас у час другога прыйсця Езуса. Гэты момант прыйдзе нечакана, не будзе нейкіх знакаў, але калі нават і будуць, то людзі іх не заўважаць, бо будуць занадта занятыя. Езус узгадвае сітуацыі Ноя і Лота, кажучы, што ўсё адбудзецца падобным чынам, нечакана.
Сёння я хачу спытацца ў сябе: ці ёсць у маім жыцці нешта, да чаго я моцна прывязаны і што прыводзіць да таго, што я забываюся пра Бога?
Што я адчуваю, калі думаю пра сваю непазбежную смерць і будучую сустрэчу з Богам і ці гатовы да яе ўжо сёння?
Божа, мы атрымалі жыццё ад Цябе, дай нам зразумець, што, аддаючы яго для іншых, мы нічога не губляем. Ты падрыхтаваў для нас нешта непараўнальна лепшае – жыццё з Табой на векі.
Юрый Варанко