«Каб усе былі адно».
Сённяшняе Евангелле раскрывае нам таямніцу любові і еднасці Хрыста і Бога Айца, а таксама паказвае ідэал Касцёла вачыма Езуса.
Езус узняў вочы свае да неба і маліўся такімі словамі: Ойча святы, не толькі за іх прашу Я, але і за тых, хто паверыць у Мяне паводле слова іхняга, каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас, каб паверыў свет, што Ты паслаў Мяне. І славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім, каб былі адно, як і Мы адно. Я ў іх, а Ты ўва Мне. Каб былі з’яднаныя ў адно, каб свет пазнаў, што Ты паслаў Мяне і палюбіў іх, як палюбіў Мяне. Ойча, хачу, каб тыя, каго Ты даў Мне, былі са Мною там, дзе Я, каб бачылі славу Маю, якую Ты даў Мне, бо палюбіў Мяне перад заснаваннем свету. Ойча справядлівы, свет Цябе не пазнаў, а Я пазнаў Цябе, і гэтыя пазналі, што Ты паслаў Мяне. Я абвясціў ім Тваё імя, і абвяшчаць буду, каб любоў, якою Ты палюбіў Мяне, у іх была, і Я ў іх.
Гэтую малітву Езуса аб адзінстве Яго паслядоўнікаў можна, вядома, разумець у экуменічным сэнсе: каб усе вызнаўцы Хрыста з’ядналіся між сабою. Але што можна казаць пра адзінства ў вялікай хрысціянскай сям’і, калі гэтага адзінства не стае ў малых сямейных групах?
Вялікае аб’яднанне ўсіх хрысціян павінна пачынацца на ўзроўні асабістых кантактаў з мужам, жонкай, суседзямі і калегамі. Такое аб’яднанне прызначана для ўмацавання свету.
Вось што мае на ўвазе Езус, калі моліцца, каб усе былі адно.
Сёння адзначаецца ўспамін св. Язафата Кунцэвіча, біскупа і мучаніка, які імкнуўся аб’яднаць сэрцы вернікаў, каб разам славілі Бога на нашых землях. Аднак яго намаганні былі адкінутыя. За свае дзеянні ён прыняў смерць з рук тых, хто не жадаў адзінства, хто не пачуў Хрыста.
Ці малюся я аб адзінстве хрысціян? Ці зычу дабра кожнай асобе?
Ці клапачуся я пра адзінства ў сваёй парафіяльнай супольнасці? Ці прыкладаю намаганні для таго, каб адзінства было між намі, католікамі?
Адзінства не нішчыць нічыёй індывідуальнасці. Кожны мае права выказваць сваё меркаванне, але не дзеля таго, каб зацята настойваць на ім, а каб унесці ў супольнасць нешта новае.
Дух Святы, спашлі на нас свае дары – любоў, мір, цярплівасць, дабрыню, лагоднасць, стрыманасць (пар. Гал 5, 22). Дапамажы нам несці ў гэты зранены свет толькі спакой і дабро.
Кс. Юрый Санько