Сёння паразважаем пра феномен удзячнасці. Далёка не кожны ўмее шчыра дзякаваць за тое, што мае. Калі я ў апошні раз дзякаваў Богу і за што?
Езус, калі ішоў у Ерузалем, праходзіў праз Самарыю і Галілею. І калі Ён уваходзіў у адну вёску, сустрэлі Яго дзесяць пракажоных, якія сталі здалёк і моцным голасам казалі: Езус, Настаўнік, змілуйся над намі. Убачыўшы іх, Ён сказаў ім: Ідзіце, пакажыцеся святарам. А калі адышлі, яны ачысціліся. І адзін з іх, убачыўшы, што стаў аздароўлены, вярнуўся, моцным голасам праслаўляючы Бога, і, упаўшы ніцма да ног Ягоных, дзякаваў Яму. А быў гэта самаранін. Тады Езус сказаў: Ці не дзесяць было ачышчаных, дзе ж дзевяць? Не знайшлося нікога, хто б вярнуўся аддаць славу Пану, акрамя гэтага чужынца? І сказаў яму: Устань, ідзі; вера твая ўратавала цябе.
У няшчасці чалавек зазвычай наракае, просіць, скардзіцца ці нават праклінае. Але калі хмары рассейваюцца і буры сціхаюць, той жа чалавек часам гатовы нават прыпісаць сабе заслугу за ўласнае выратаванне.
Нам падабаецца ўдзячнасць самараніна з сённяшняга Евангелля таму, што яна адлюстроўвае сапраўдныя чалавечыя адносіны: у рэшце рэшт, кожны ведае, як прасіць, але толькі адзін з дзесяці ведае, як дзякаваць.
Як часта я звяртаюся да Бога з просьбамі? Ці ўмею дзякаваць за атрыманыя дары і ласкі?
Ці ўдаецца мне даручаць Богу кожнае сваё дзеянне і справу, напрыклад, завяршаючы зварот словамі: «Няхай станецца не мая, але Твая воля, Божа»?
Божа, навучы мяне заўважаць Тваю дабрыню, схаваную ў кожным дары, незалежна ад яго паходжання. Дапамажы мне адчуць плынь Тваёй любові і бясконцай ласкі, пра якія я часта забываю. Прагну адкрываць Цябе ў кожны момант свайго жыцця.
Кс. Юрый Санько