«Мы нікчэмныя слугі, бо зрабілі тое, што павінны былі зрабіць».
Магчыма, некаторым з нас цяжка прыняць гэтыя словы Хрыста. Бо мы ж так моцна верым у кожнае Яго слова, так шчыра любім і служым Яму.
Езус сказаў: Хто з вас, маючы слугу, які арэ або пасвіць, скажа яму, калі ён вернецца з поля: «як прыйдзеш, адразу сядай за стол»? Наадварот, ці не скажа яму: «прыгатуй мне павячэраць і, падперазаўшыся, прыслужвай мне, пакуль буду есці і піць, а пасля будзеш есці і піць ты»? Ці будзе ён дзякаваць слузе гэтаму за тое, што ён выканаў загаданае? І вы таксама, калі выканаеце ўсё загаданае вам, кажыце: «мы нікчэмныя слугі, бо зрабілі тое, што павінны былі зрабіць».
Што да нашай веры і любові, то з гэтым можна ў рэшце рэшт пагадзіцца, але з невялікай мадыфікацыяй, разуменнем на свой лад, а менавіта: усё наша рэлігійнае жыццё – гэта не тое, што мы робім для Бога, а тое, што Бог робіць для нас, як Ён дзейнічае ў нас і праз нас. Таму не варта занадта захапляцца ўласнай рэлігійнасцю.
Сапраўды, мы шмат змагаемся, часам нават пакутуем, але ж і скардзімся таксама шмат! Мы на самой справе, з ахвотай ці не, але выконваем свае абавязкі перад Богам і бліжнімі. Толькі ці заўсёды робім гэта належным чынам? Мы не можам любіць Бога абы-як, і служыць Яму таксама павінны годна.
Ці правільна я супрацоўнічаю з Божымі дарамі, з ласкамі веры і паклікання, з асвячальнай ласкай?
Ці дазваляю я Богу дзейнічаць ува мне і праз мяне напоўніцу?
Супрацоўніцтва з Богам у справе ўдасканалення гэтага свету з'яўляецца важным заданнем для кожнага з нас. Заданнем, якое дазваляе зразумець нашае прадвызначэнне, раскрыць таленты і ўсвядоміць сваё месца ў дадзеным гістарычным моманце.
Кс. Юрый Санько