«Клопат аб доме Тваім з’ядае Мяне» (пар. Пс 69 (68), 10). Сёння Езус падкрэслівае важнасць і годнасць святыні як асаблівага месца сустрэчы чалавека з Богам.
Набліжалася юдэйская Пасха, і Езус прыйшоў у Ерузалем. І знайшоў у святыні тых, хто прадаваў валоў, авечак і галубоў, і мянялы сядзелі там. І зрабіў бізун з вяровак і павыганяў усіх са святыні, а таксама авечак і валоў, грошы мянялаў парассыпаў, а сталы папераварочваў. А прадаўцам галубоў сказаў: Забярыце гэта адсюль і не рабіце дому Айца Майго домам гандлю. І прыгадалі вучні Ягоныя, што напісана: Клопат аб доме Тваім з’ядае Мяне. На гэта юдэі сказалі Яму ў адказ: Які знак пакажаш нам, што можаш гэтак рабіць? Езус сказаў ім у адказ: Зруйнуйце святыню гэтую, і Я за тры дні ўзнясу яе. І сказалі юдэі: Гэтая святыня будавалася сорак шэсць гадоў, а Ты ўзнясеш яе за тры дні? Казаў пра святыню цела свайго. І калі Ён уваскрос з мёртвых, то вучні Ягоныя ўспомнілі, што Ён казаў гэта, і паверылі Пісанню і слову, якое казаў Езус.
9 лістапада ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца свята гадавіны пасвячэння Латэранскай базылікі. Гэтая базыліка (базыліка святога Яна) з’яўляецца катэдральным касцёлам Папы Рымскага і носіць тытул «Маці і галава ўсіх касцёлаў Горада і свету». Гэтае свята падкрэслівае адзінства ўсіх мясцовых хрысціянскіх супольнасцей з Апостальскай Сталіцай у Рыме.
Разважаючы пра святыню, перш за ўсе мы павінны казаць не пра архітэктурны вобраз, але пра важнасць супольнасці, якая напаўняе гэтую святыню. У гісторыі Збаўлення мы бачым, як Бог асаблівым чынам адкрываецца менавіта ў супольнасці людзей, што верылі ў Яго.
Ці адчуваю я сябе часткай парафіяльнай супольнасці? Што раблю, каб мая супольнасць развівалася?
Ці адчуваю я сябе святыняй Духа Святога?
Незвычайны вобраз Хрыста, які адкрываецца перад намі сёння, з’яўляецца вельмі каштоўным. Езус змагаецца за чысціню святыні, каб не была яна месцам гандлю, але выконвала свае прадвызначэнне: была месцам сустрэчы чалавека з Богам. Таксама Ён змагаецца за нашыя супольнасці і клапоціцца аб кожным з нас, каб мы заставаліся святыняй Духа Святога.
Кс. Юрый Санько