Няхай сон нас не пераможа!
Дзяўчаты з сённяшняй прыпавесці заснулі, стомленыя сваім няспаннем. І ўсё ж, не ведаючы гадзіны прыбыцця вясельнай працэсіі, мусілі пільна чакаць.
Езус расказаў сваім вучням такую прыпавесць: Валадарства Нябеснае будзе падобнае да дзесяці паннаў, якія, узяўшы свае светачы, выйшлі насустрач жаніху. Пяць з іх было неразумных, а пяць — мудрых. Неразумныя, узяўшы свае светачы, не ўзялі з сабою алею. Мудрыя ж разам са светачамі сваімі ўзялі алей у пасудзіны свае. Калі жаніх спазняўся, то задрамалі ўсе і паснулі. Але сярод ночы ўзняўся крык: Вось жаніх, выходзьце яму насустрач. Тады ўсталі ўсе панны гэтыя і прывялі ў парадак светачы свае. Неразумныя ж сказалі мудрым: Дайце нам вашага алею, бо нашыя светачы гаснуць. А мудрыя адказалі: Каб хапіла і вам, і нам, пайдзіце лепш да тых, хто прадае, і купіце сабе. Калі ж пайшлі яны купляць, прыйшоў жаніх і тыя, якія былі падрыхтаваныя, увайшлі з ім на вяселле, і зачыніліся дзверы. Пасля прыходзяць і астатнія панны ды кажуць: Пане, пане, адчыні нам. Ён жа сказаў ім у адказ: Сапраўды кажу вам: не ведаю вас. Таму чувайце, бо не ведаеце ні дня, ні гадзіны.
Ніхто з нас падобным чынам не падазрае, калі праб’е гадзіна нейкай жыццёвай магчымасці або выпрабавання, нейкага досведу ці важнага экзамену. Вельмі часта мы занадта позна даведваемся, што нешта прапусцілі або занядбалі.
Знакам пільнасці з’яўляецца малітва. Гэта тое ж самае, што шчоўкнуць выключальнікам, уключыць лямпу. Той, хто заклікаў нас да чування, даў радыкальную запаведзь: мы павінны «заўсёды маліцца і не падаць духам» (Лк 18, 1).
Чым для мяне з’яўляецца малітва? Як я да яе стаўлюся? Ці яна сапраўды з’яўляецца размовай і дыялогам?
Як выглядае мая малітва? Ці ўмею я падчас размовы, малітвы не толькі прамаўляць, але і слухаць?
Кожная хвіліна нашага дня, кожная праца, кожны боль і смутак, як і кожная радасць, – усё гэта можа і павінна быць нашай малітвай, калі асвечана добрымі намерамі і імкненнямі. Такім чынам нашае сэрца становіцца адчувальным радарам, які фіксуе хвалі думак і пачуццяў, дадзеных Богам. Яно становіцца адчувальным да ўсіх добрых натхненняў, а таксама да пагроз, якія вынікаюць з нашых слабасцей.
Кс. Юрый Санько