Мамона звычайна разумеецца як грошы. Самі па сабе яны не з’яўляюцца злом, але грошы могуць стаць няправеднымі праз дрэнны спосаб іх набыцця або выкарыстання.
Казаў Езус сваім вучням: Здабывайце сяброў сабе несправядлівай мамонай, каб, калі яна праміне, прынялі вас у вечныя шатры. Верны ў малым і ў вялікім верны, а несправядлівы ў малым несправядлівы і ў вялікім. Таму, калі вы ў несправядлівай мамоне не былі верныя, хто даручыць вам сапраўднае? І калі ў чужым не былі верныя, хто дасць вам вашае? Ніякі слуга не можа служыць двум гаспадарам, бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць, ці аднаго будзе моцна трымацца, а другім пагарджаць. Не можаце служыць Богу і мамоне. Чулі ўсё гэта і фарысеі, якія любілі грошы, і насміхаліся з Яго. І сказаў ім: Вы з’яўляецеся тымі, хто апраўдвае сябе перад людзьмі, але Бог ведае сэрцы вашыя. Бо, што вялікае ў людзей, тое брыдкае перад Богам.
Хрыстус раіць нам здабываць сяброў праз няправедную мамону. Гэта можа адносіцца як да звычайнай міласціны, так і да ўсіх высакародных учынкаў і мэтаў, якія патрабуюць матэрыяльных сродкаў: ад сямейных выдаткаў і дабрачыннасці да ахвяраванняў на патрэбы касцёльнай супольнасці.
Сёння мы таксама чуем, што ў кіраванні мамонай можна аказацца верным або няверным. Нам трэба быць вернымі Богу, бо празмерная прывязанасць да зямных дабротаў вядзе да нявернасці Яму.
Як я стаўлюся да матэрыяльных рэчаў? Ці не сквапны я да грошай?
Ці маё сэрца адкрытае на патрэбы бліжніх і тых, хто просіць аб дапамозе?
Празмерная вернасць мамоне можа памылкова лічыцца разважлівасцю, але гэта разважлівасць каго заўгодна, толькі не рэлігійнага чалавека. Вернік ніколі не стане слугой грошай, наадварот, мы мусім выкарыстоўваць зямныя сродкі для служэння Богу і людзям.
Кс. Юрый Санько