Сёння Хрыстос заклікае нас вучыцца ў сыноў гэтага веку не граху, а іхняй энергіі, рашучасці і ўменню дбаць пра сваю будучыню.
Казаў Езус сваім вучням: Адзін багаты чалавек меў эканома, на якога данеслі яму, што растрачвае маёмасць яго. І паклікаўшы яго, сказаў яму: Што гэта я чую пра цябе? Зрабі справаздачу з кіравання свайго, бо ўжо не можаш быць эканомам. Тады эканом сказаў сам сабе: Што мне рабіць, бо гаспадар мой адбірае ў мяне кіраўніцтва домам? Капаць не маю сілаў, жабраваць саромеюся. Ведаю, што зрабіць, каб людзі прынялі мяне ў дамы свае, калі адхілены буду ад кіраўніцтва домам. І, паклікаўшы кожнага паасобку даўжнікоў свайго гаспадара, сказаў першаму: Колькі ты павінен гаспадару майму? Той сказаў: Сто кадзяў алею. І сказаў яму: Вазьмі сваю распіску, сядай хутчэй і напішы пяцьдзесят. Потым другому сказаў: А ты колькі павінен? Той сказаў: Сто кор пшаніцы. І сказаў яму: Вазьмі сваю распіску і напіші восемдзесят. І пахваліў гаспадар несправядлівага эканома, што ён разумна ўчыніў. Бо сыны гэтага веку мудрэйшыя за сыноў святла ў адносінах да свайго пакалення.
Калі мы чытаем гэты ўрывак, нас часта здзіўляе, чаму несправядлівага слугу пахваліў гаспадар. Але гэты багаты чалавек – не Езус, гэта проста адзін зямны «разумнік» хваліць спрыт іншага. Езус жа, здаецца, з уздыхам заўважае: калі б прыстойныя людзі былі такімі ж знаходлівымі і дзейснымі ў добрых справах (як несумленныя – у сваіх махлярствах), свет быў бы іншым!
Рэлігійных людзей, часта папракаюць у адсутнасці рэалізму. Нас звычайна ўяўляюць як фантазёраў, людзей непрактычных, якія нібыта «зваліліся з Марса». Тым не менш, першае патрабаванне, якое хрысціянская этыка прад’яўляе кожнаму з нас на шляху да дасканаласці, – гэта менавіта разважлівасць.
Ці дзейсны я ў сваёй рэлігійнасці? Ці клапачуся я аб яе развіцці так, як людзі клапоцяцца пра свой бізнес ці кар’еру?
Ці не саромеюся я сваёй веры? Ці гатовы даць справаздачу за сваё жыццё і перакананні, калі прыйдзе час?
Калі мы імкнёмся быць дасканалымі, то павінны быць найперш разважлівымі людзьмі. Нам трэба валодаць здаровай жыццёвай практычнасцю і дзейнічаць так, каб дасягнуць найбольшага дабра ў сваіх канкрэтных абставінах. А разважлівасць – добрая дапамога, каб бачыць эфектыўныя шляхі для дасягнення галоўнай мэты: нашага збаўлення.
Кс. Юрый Санько