Згубленая авечка або драхма з’яўляюцца вобразам непараўнальна больш жаласнай страты – страты чалавека. Бог пасылае свайго Сына, каб знайсці нават адну асобу, якая згубілася ў жыцці.
Набліжаліся да Яго ўсе мытнікі і грэшнікі, каб паслухаць Яго. А фарысеі і кніжнікі наракалі, кажучы: Ён прымае грэшнікаў і есць з імі. Але Езус расказаў фарысеям і кніжнікам наступную прыпавесць, кажучы: Хто з вас, маючы сто авечак і згубіўшы адну з іх, не пакіне дзевяноста дзевяці ў пустыні і не пойдзе па згубленую, пакуль не знойдзе яе? А знайшоўшы, возьме яе на плечы свае з радасцю і прыйдзе дадому, пакліча сяброў і суседзяў, кажучы ім: Радуйцеся са мною, бо я знайшоў маю згубленую авечку. Кажу вам, што таксама на нябёсах больш радасці будзе з аднаго грэшніка, які пакаяўся, чым з дзевяноста дзевяці праведнікаў, якія не патрабуюць пакаяння. Ці якая жанчына, маючы дзесяць драхмаў і згубіўшы адну драхму, не запаліць свечкі і не пачне вымятаць дом і пільна шукаць, пакуль не знойдзе? А знайшоўшы, пакліча сябровак і суседак ды скажа: цешцеся са мною, таму што я знайшла згубленую драхму. Так, кажу вам, бывае радасць у анёлаў Божых і за аднаго грэшніка, які каецца.
Мяне таксама часам можа натхняць высакароднае жаданне знайсці таго, хто згубіў свой шлях: вярнуць яго на месца, прывесці да розуму. Важна памятаць, што я не дапамагу бліжняму адкрыць годнасць дзіцяці Божага, калі спачатку не ўбачу яе ў сабе. Інакш мае пошукі могуць стаць задавальненнем неўсвядомленых патрэб, шуканнем самога сябе. Могуць кіравацца гневам, ганарыстасцю і стануць марнымі.
Дапамагаючы другому чалавеку, неабходна заўсёды бачыць у ім вольную асобу.
Св. Ян Павел ІІ навучаў, што Езус зʼяўляецца самым надзейным шляхам да іншага чалавека. Эўхарыстычнае з’яднанне з Хрыстом дае асаблівую магчымасць знайсці загубленага чалавека – як у сабе, так і ў бліжнім.
Ці адкрыў я ў сабе чалавека, створанага Богам? Ці адчуваю сябе Яго сынам, дачкой?
Пошук сябе і дапамога бліжняму могуць ісці побач адно з адным. Ці ў адносінах з другой асобай бачу ў ёй годнасць Божага дзіцяці?
Божа, дапамажы мне перш за ўсё шукаць і знаходзіць у сабе тваю прысутнасць. Таксама навучы праяўляць разуменне, дабрыню, цярплівасць – да сябе і да бліжняга. Толькі так змагу знайсці іншага загубленага чалавека.
Кс. Юрый Санько