Той, хто не ненавідзіць сваіх блізкіх, не можа быць маім вучнем. Гэта вельмі радыкальнае сцвярджэнне, якое патрабуе тлумачэння.
Шмат людзей ішло за Езусам. Звярнуўшыся, Ён сказаў ім: Калі хто прыходзіць да Мяне і не зненавідзеў бацькі свайго, і маці, і жонкі, і дзяцей, і братоў, і сясцёр, і нават жыцця свайго, той не можа быць вучнем Маім. Хто не нясе крыжа свайго і не ідзе за Мною, не можа быць Маім вучнем. Бо хто з вас, калі захоча пабудаваць вежу, спачатку не сядзе і не падлічыць выдаткаў, ці мае на будову. Калі ж закладзе падмурак і не зможа закончыць, усе, хто ўбачыць, пачнуць смяяцца з яго, кажучы: Гэты чалавек пачаў будаваць і не змог скончыць. Або які кароль, ідучы на вайну супраць іншага караля, не сядзе і не параіцца спачатку, ці моцны ён, каб ісці з дзесяццю тысячамі супраць таго, хто ідзе на яго з дваццаццю тысячамі? Калі не, то пакуль той яшчэ далёка, ён пашле да яго пасланцоў прасіць міру. Гэтак кожны з вас, калі не пакіне ўсяго, што мае, не можа быць Маім вучнем.
Варта разумець, што гаворка не ідзе пра тое, каб мець пачуццё нянавісці да бліжніх. Пасыл Хрыста – аб захаванні ўнутранай свабоды ад хваравітай прывязаннасці і закрыцця сэрца і розуму на любоў Бога. Гэта можа гучаць парадаксальна, але чым больш я давяраю Госпаду і акдрываю Яму свае думкі, пачуцці і намеры, тым больш разумею сябе і свет навокал, тым больш супакою і радасці маю ўнутры.
«Гэтак кожны з вас, калі не пакіне ўсяго, што мае, не можа быць Маім вучнем». Як валоданне чымсьці, так і вялікае жаданне нешта мець можа няволіць мяне. Але варта адносіцца да прагненняў не са страхам, а з цікаўнасцю, умець назіраць за імі і рабіць карысныя высновы.
Колькі месца ў штодзённасці я адвёў Богу? Ці дазваляю маёй веры ўплываць на мае выбары?
Можа, я адчуваю, што трапіў у празмерную залежнасць ад нечага матэрыяльнага ці ад некага чалавека? Хто ці што найчасцей уплывае на мае выбары?
Сёння мой Збаўца гаворыць пра адрачэнне. Я магу адмовіцца ад усяго, чым валодаю. Аднак у мяне не атрымаецца адмовіцца ад таго, што валодае мною. Варта імкнуцца ўсе мае адносіны, усе справы, большыя і меншыя, даручаць Божаму Провіду, каб яны не «валодалі» мной, каб я захоўваў унутраную свабоду, наколькі магу.
Божа, няхай нічога не аддзяляе мяне ад Цябе.
Кс. Юрый Санько