Хто будзе спажываць вячэру ў Валадарстве Нябесным? Сёння гаспадар дому кліча да сябе на вячэру. Запрошаныя адмаўляюцца. Магу паставіць сябе на іх месца і падумаць: ці прыйшоў бы я?
Адзін з тых, хто ўзляжаў з Езусам, сказаў Яму: Шчаслівы, хто будзе есці хлеб ў Валадарстве Божым. А Ён сказаў яму: Адзін чалавек наладжваў вялікую вячэру і паклікаў многіх. І калі настаў час вячэры, паслаў слугу свайго сказаць запрошаным: Прыйдзіце, бо ўжо ўсё гатова. І пачалі ўсе, як адзін, адмаўляцца. Першы сказаў яму: Я купіў поле, і мне трэба пайсці паглядзець яго. Прашу цябе, прабач мне. Другі сказаў: Я купіў пяць пар валоў і іду выпрабаваць іх. Прашу цябе, прабач мне. Іншы сказаў: Я ажаніўся, і таму не магу прыйсці. Вярнуўшыся, слуга той расказаў пра гэта свайму гаспадару. Тады гаспадар дома разгневаўся і сказаў слузе свайму: Ідзі хутчэй на плошчы і на вуліцы гарадоў і прывядзі сюды ўбогіх, калек, сляпых і кульгавых. І сказаў слуга: Пане, зроблена, як загадаў ты, і яшчэ ёсць месца. Гаспадар сказаў слузе: Ідзі на дарогі і загарадзі і прымушай прыйсці, каб напоўніўся дом мой. Бо кажу вам, што ніхто з тых запрошаных людзей не пакаштуе маёй вячэры.
Першыя запрошаныя прадстаўляюць выбраны народ. Паколькі яны адмовіліся прыйсці на вячэру, гаспадар паклікаў тых, каго яны лічылі недастойнымі: «сляпых» паган, «убогіх» і «кульгавых» грэшнікаў. Урэшце загадаў слузе прывесці з дарог і загарадзяў, каго той сустрэне. Выразна бачна жаданне гаспадара, каб яго дом напоўніўся гасцямі.
Запрашэнне кіруе гаспадар, але, госцю, мне, таксама трэба прыкласці намаганні, пастарацца. У іншым фрагменце Евангелля Хрыстус кажа пра вузкую браму да Валадарства Нябеснага (пар. Лк 13, 24). Брама– гэта пастаянства ў намерах і дзеяннях.
Каб увайсці на вячэру, мне трэба гэтага жадаць. Калі ж жадання не дачуваю, то магу сказаць пра гэта Богу – Ён усё зробіць, каб я там з’явіўся, дасць патрэбнае натхненне да дзеяння. Ці я гатовы слухаць?
Калі чую пра Божае Валадарства, якія пачуцці, асацыяцыі родзяцца ўва мне? Ці разважаю аб ім? Валадарства Нябеснае пачынаецца ўжо тут, на зямлі.
Жаданне Бога запрасіць шмат гасцей з’яўляецца крыніцай надзеі і суцяшэння. Яно таксама дапамагае прыняць запрашэнне і быць з Госпадам на гэтай вячэры – у Яго Валадарстве. Кожная святая Імша – гэта адно з важных адлюстраванняў быцця з Богам, на якое Ён нястомна кліча.
Божа, дапамажы мне прымаць поўны ўдзел у Эўхарыстыі, прыступаючы да Камуніі. Быць не гледачом, а удзельнікам.
Кс. Юрый Санько