Вечны адпачынак дай памерлым, Пане! Сёння – дзень цішыні, успамінаў і малітвы. Сёння магу падзякаваць Богу за веру ў Яго, жывога і адзінага. Менавіта яна дазваляе мне мець лучнасць з маімі блізкімі.
Было каля шостай гадзіны, і цемра ахінула ўсю зямлю аж да дзевятай гадзіны. Сонца зацьмілася, і заслона ў святыні разарвалася пасярэдзіне. І Езус закрычаў моцным голасам: Ойча, у рукі Твае аддаю дух Мой. І, сказаўшы гэта, сканаў. І вось чалавек, па імені Юзаф з Арыматэі, горада юдэйскага, дарадчык Вялікай Рады, чалавек добры і справядлівы, які не згаджаўся з яе пастановай і ўчынкамі, які чакаў Валадарства Божага, прыйшоў да Пілата і папрасіў цела Езуса. І зняўшы Яго, захінуў у палатно і паклаў у высечанай магіле, у якой яшчэ ніхто не быў пахаваны.
У гэтыя дні магу далучыцца да разважання аб трох вымярэннях Касцёла: пілігрымуючым – аб верніках, якія жывуць на свеце і, нібы пілігрымы, ідуць шляхам зямнога вандравання; пакутуючым – гэта душы памерлых, якія знаходзяцца ў чысцы, каб, падтрыманыя малітвамі, маглі ўвайсці ў Валадарства Нябеснае; аб Касцёле трыумфуючым – супольнасці святых, якія ўжо сузіраюць Бога.
У сваёй адгартацыі «Gaudate et exsultate» Папа Францішак кажа нам пра святасць «па суседству». Гэта святасць таго, хто жыве побач са мной і адлюстроўвае ў штодзённасці праўду аб Божай прысутнасці, аб дзяцінстве Божым (GE 7).
Ведаю, што людзі, якія адышлі з зямнога жыцця, могуць патрабаваць маёй малітвы. Ці я малюся за памерлых са сваёй сям’і? За душы блізкіх, знаёмых, суседзяў?
Таксама варта памятаць, што вечнасць пачынаецца ўжо тут, на зямлі. Сёння магу паразважаць, ці клапачуся аб тым, каб быць гатовым у любую хвіліну перайсці ў нябачную частку Касцёла.
Малітва за маіх блізкіх памерлых з’яўляецца ўдзячнасцю за іх любоў, за ўсё добрае, што яны зрабілі тут, на зямлі. Калі было інакш, то малітва можа адкрыць мяне на прабачэнне.
Святло вечнае няхай ім свеціць. Амэн.
Кс. Юрый Санько