Радуйцеся і весяліцеся! Езус прамаўляе да вучняў і да мяне. Сёння, калі праслаўляем Бога праз заступніцтва ўсіх святых, я запрошаны прыгледзецца да свайго жыцця.
Убачыўшы натоўп, Езус падняўся на гару. А калі сеў, падышлі да Яго вучні Ягоныя. І, адкрыўшы вусны свае, Ён вучыў іх, кажучы: Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае. Шчаслівыя засмучаныя, бо яны суцешаныя будуць. Шчаслівыя лагодныя, бо яны зямлю атрымаюць у спадчыну. Шчаслівыя галодныя і прагнучыя справядлівасці, бо яны насычаныя будуць. Шчаслівыя міласэрныя, бо яны міласэрнасць спазнаюць. Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць. Шчаслівыя міратворцы, бо яны сынамі Божымі названыя будуць. Шчаслівыя, каго пераследуюць за справядлівасць, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае. Шчаслівыя вы, калі будуць вас зневажаць і пераследаваць, і ўсяляк зласловіць несправядліва з-за Мяне. Радуйцеся і весяліцеся, бо вялікая ўзнагарода вашая ў нябёсах.
Хрыстус прадстаўляе мне тых, хто па-сапраўднаму можа лічыць сябе благаслаўлёным, шчаслівым. У штодзённасці магу рэдка давяраць абяцанням. Толькі канкрэтныя ўчынкі выклікаюць давер, прыносяць карысць. Навучаючы аб Нябесным Валадарстве, Збаўца не гаворыць пустых слоў: кожнае з іх Ён пацвердзіў сваімі ўчынкамі. За праўду аб Валадарстве Ён аддае сваё жыццё.
Езус не проста суцяшае ў смутку, крыўдзе, цярпенні. Як любячы і мудры педагог, Ён дае ключ, каб я сам мог стаць ціхім, справядлівым і міласэрным.
Хрыстус звяртаецца і да мяне. Ці адчуваю гэта? Ці лічу сябе Яго вучнем?
Сёння магу спытаць сябе, ці я шчаслівы ў сваёй штодзённасці. Падумаць, ці лічу сябе благаслаўлёным. Калі не, то ці бачу ў словах Хрыста заахвочванне да канкрэтных дзеянняў – да перамены жыцця там, дзе ёсць у гэтым патрэба?
Божа, навучы мяне бачыць у веры інструмент да змянення сэрца ў лепшы бок, каб быць шчаслівым, благаслаўлёным. Дай памятаць, што несці ў свет Тваё суцяшэнне я змагу тады, калі буду мець яго ў сабе і буду жыць у Тваёй прысутнасці, Госпадзе.
Кс. Юрый Санько