Сённяшні фрагмент Евангелля запрашае нас паглядзець наўкола і ўсвядоміць сваё месца ў сям'і, у нашай супольнасці, у грамадстве.
Калі Езус прыйшоў у суботу да дому аднаго з кіраўнікоў фарысейскіх з’есці хлеба, яны сачылі за Ім. Заўважыўшы, што запрошаныя выбіралі першыя месцы, расказаў ім прыпавесць: Калі нехта пакліча цябе на вяселле, не сядай на першае месца, каб не аказалася, што нехта з пакліканых ім больш ганаровы за цябе, і каб той, хто запрасіў і яго, і цябе не падышоў і не сказаў табе: Саступі яму месца. І тады з сорамам павінен будзеш заняць апошняе месца. А калі будзеш запрошаны, прыйдзі і сядай на апошняе месца, каб той, хто цябе запрасіў, падышоў да цябе і сказаў: Дружа, перасядзь вышэй. Тады будзе табе пашана перад тымі, хто сядзіць з табою. Кожны, хто ўзвышае сябе, будзе паніжаны, а хто паніжае сябе, узвысіцца.
Чаго я шукаю ў сваім жыцці: каб мяне заўважылі, прызналі мае здольнасці, выбралі?.. Ці разумею я сам, чаго насамрэч варты? Езус прапануе нам заняць месца не адпаведна чыімсьці меркаваннням, а адпаведна ўласнай вартасці. Безумоўна, гаворка ідзе не пра матэрыяльны бок быцця, а пра духоўны.
Чалавек, багаты духоўна, ніколі не будзе выносіць свае таленты напаказ, такая асоба часта прагне цішыні і спакою. Але яна заўжды будзе гатова перасесці вышэй – каб падзяліцца ўласным досведам і дапамагчы бліжняму зазірнуць у сваё сэрца.
Як жа шмат святых, якія ў цяжкія для Касцёла часы не хваліліся сваёй святасцю, а ціха служылі бліжняму: святы Францішак, святая Тэрэза, святая Фаўстына і многія іншыя. У цішыні сваіх малітваў і ўчынкаў яны змянялі аблічча Касцёла, а сёння мы запрашаем іх на першыя месцы.
Ці разумею важнасць духоўнага развіцця, ці клапачуся пра гэта ў сваім штодзённым жыцці?
Ці гатовы я саступіць месца свайму бліжняму, дапамагчы яму?
Пане Божа, Ты падрыхтаваў для мяне месца ў вечнасці, дапамажы ў маёй штодзённасці, каб я быў годны заняць яго!
Кс. Юрый Санько