Што з'яўляецца важнейшым: літургічнае дзеянне ці ўчынак міласэрнасці да бліжняга?
Калі Езус прыйшоў у суботу да дому аднаго з кіраўнікоў фарысейскіх з’есці хлеба, яны сачылі за Ім. І вось стаў перад Ім чалавек, які хварэў на вадзянку. У адказ Езус спытаўся ў кніжнікаў і фарысеяў: Ці дазволена вылечыць у суботу ці не? Яны ж маўчалі. І дакрануўшыся, аздаравіў таго і адпусціў. А ім сказаў: Калі ў каго-небудзь з вас сын або вол упадзе ў калодеж, ці ж не выцягне адразу яго ў дзень шабату? І не маглі запярэчыць Яму на гэта.
Любое літургічнае дзеянне, несумненна, можа быць больш простым і прыемным, чым, напрыклад, адведзіны ў шпіталі. Але ў апошнім выпадку раскрываецца магчымасць аказаць міласэрнасць свайму бліжняму. Расставіць акцэнты. Калі мы – вучні Хрыста, то павінны не толькі назіраць, але наследаваць Яго.
Фарысеі якраз сачылі за Хрыстом, аднак не для таго, каб вучыцца ў Яго, а каб кантраляваць выкананне Закону. Езус сёння запрашае нас узірацца ў Яго, каб змяніць нашае стаўленне да бліжніх, атуліць нас спачуваннем і напоўніць міласэрнасцю.
Ці ўглядаюся я ў Хрыста? Калі так, то з якой мэтай? Можа, я гляджу на Яго выключна як на сродак вырашэння ўласных праблем?
Калі нехта з бліжніх акажацца ў патрэбе, ці змагу я знайсці час, жаданне і магчымасць яму дапамагчы?
Святы дзень, пра які ідзе гаворка ў Евангеллі, можа стаць менавіта тым днём, калі ўдасца адкрыць сэрца на патрэбы не свае, але бліжніх: пагутарыць, адведаць, падтрымаць ці нават проста напісаць цёплы ліст ці паведамленне.
Кс. Юрый Санько