Хто такі сапраўдны лідар? Гэта той, хто з’яўляецца прыкладам, натхняе і вядзе людзей да мэты. Ён не проста кіруе, а стварае адзінства, дапамагае раскрыць патэнцыял іншых і бярэ адказнасць за вынік.
Калі Езус маліўся ў самоце, вучні далучыліся да Яго. І спытаўся ў іх: Кім лічыць Мяне народ? Яны сказалі ў адказ: Янам Хрысціцелем, іншыя — Іллёю, некаторыя ж кажуць, што адзін з даўніх прарокаў уваскрос. Ён спытаўся ў іх: А вы кім лічыце Мяне? І адказаў Пётр: Месіяй Божым. Але Ён строга загадаў ім нікому не казаць пра гэта, кажучы, што Сын Чалавечы павінен выцерпець шмат, што адкінуць Яго старэйшыны, першасвятары і кніжнікі, што Ён будзе забіты і на трэці дзень уваскрэсне.
У сённяшнім фрагменце Евангелля Езус падчас малітвы сустракаецца з апосталамі, у якіх пытаецца, кім яны Яго ўспрымаюць. Сцвердзіўшы, што яны маюць кантакт з Богам Айцом, які адкрыў таямніцу пра Божага Сына, Езус распавядае пра сваю муку і смерць, а таксама забараняе ім пра гэта распавядаць іншым.
Мы часта хочам бачыць побач Месію, які вырашыць усе мае праблемы адным цудам. Але Езус паказвае, што Ён – Бог, які ідзе са мной праз пакуты, а не проста пазбаўляе ад іх.
Езус не пытаецца: «Што ты ведаеш пра Мяне з кніг?» Ён пытаецца: «Кім Я з’яўляюся для цябе?» Ці мая вера з’яўляецца асабістым досведам? А можа, гэта проста мёртвая традыцыя?
«Сын Чалавечы павінен выцерпець шмат…». Езус адразу ж выпраўляе ўяўленні вучняў аб слаўным Месіі. Сапраўдны Месія, паводле прароцтваў Ісаі, – «Церпячы Слуга». На якога Месію я спадзяюся? На магутнага цара, які вызваліць мяне ад усіх хваробаў і бедаў, ці на Пакорнага Слугу, які запрашае мяне да свайго Валадарства?
Езус шукае і знаходзіць праўду праз кантакт з Богам Айцом. Калі я хачу зразумець сваё пакліканне ці асобу Бога, я павінен шукаць Яго ў малітве, «у адзіноце». Сённяшні фрагмент вучыць мяне, што быць вучнем Хрыста – значыць не толькі прызнаваць Яго Боскасць, але і быць гатовым раздзяляць з Ім Ягоны шлях пакоры і службы.
а. Станіслаў Вашкевіч SAC