Пытанні, якія нараджаюцца ў нашых сэрцах, могуць матываваць да пошуку ісціны, могуць штурхаць да новага досведу, але таксама могуць і дапамагчы пераадольваць страх, каб адчуваць кантроль над падзеямі.
Тэтрарх Ірад пачуў пра ўсё, што здзяйснялася Езусам і пачаў сумнявацца, бо адны гаварылі, што Ян уваскрос з мёртвых; другія, што з’явіўся Ілля; іншыя ж, што паўстаў нехта з даўніх прарокаў. Але Ірад казаў: Яну я адсек галаву, то хто ж гэта, пра каго я чую такія рэчы? І хацеў убачыць Езуса.
Сённяшняе Евангелле прадстаўляе Ірада, які сустракаецца з інфармацыяй пра Езуса і Яго вучняў. Вестка пра цуды і прапаведванне даходзіць да вушэй кіраўніка рэгіёна. Ён не ведае, што адбываецца, пачынае трывожыцца і ставіць шэраг пытанняў пра Езуса: хто Ён такі?
Езус перавышае любыя чалавечыя катэгорыі. Людзі спрабуюць «змясціць» Яго ў свае ўяўленні (прарок, Ян), але Ён застаецца незразумелым. Гэты выклік існуе і для мяне: ці не спрабую я абмежаваць Езуса сваімі ўласнымі ўяўленнямі пра Яго?
Ірад з’яўляецца прыкладам таго, як грэх і нячыстае сумленне могуць выклікаць страх і пагаршаць здольнасць чалавека правільна ўспрымаць Божую прысутнасць. Ці ў маім жыцці не праяўляецца часам падобны «сіндром Ірада»?
Жаданне ўбачыць Езуса можа быць розным. У Ірада гэта было жаданне з цікавасці і страху. У простых людзей – надзея на аздараўленне. Якія матывы ўбачыць Бога спадарожнічаюць мне асабіста?
Дзейнасць Езуса і Ягоных вучняў не застаецца незаўважанай. Слова Божае, абвешчанае з моцай, выклікае рэакцыю ў грамадстве, прымушае людзей задумацца і нават выклікае супраціў. Пройдзе зусім мала часу, і Езус сам запытае ў вучняў: «А вы за каго Мяне лічыце?» – і далёка не ўсе апосталы адкажуць на гэтае пытанне адразу. Божа, дай мне разуменне Тваёй праўды.
а. Станіслаў Вашкевіч SAC