Спаўняць місію – значыць рэалізоўваць галоўную мэту, дзеля якой існуе чалавек. Гэта пераход ад ідэі да дзеянняў, якія прыносяць карысць і змяняюць сусвет. Гэта праца з сэнсам, адказнасцю і вынікам.
Езус паклікаў Дванаццаць і даў ім сілу і ўладу над усімі злымі духамі і ўладу лячыць хваробы. Ён паслаў іх абвяшчаць Валадарства Божае і аздараўляць хворых. І сказаў ім: Нічога не бярыце з сабою ў дарогу: ні кія, ні торбы, ні хлеба, ні грошай — не майце таксама па дзве вопраткі. Да якога дому ўвойдзеце, у тым і заставайцеся аж да свайго адыходу. Калі ж вас нехта не прыме, то, выходзячы з горада таго, абтрасіце пыл з ног вашых на сведчанне супраць іх. Адправіўшыся, яны праходзілі па вёсках, абяшчаючы Добрую Навіну і аздараўляючы ўсюды.
Сённяшні фрагмент Евангелля апісвае пасланне дванаццаці апосталаў на місію. Гэты тэкст з’яўляецца паваротным момантам, бо дагэтуль Езус дзейнічаў сам, а Яго вучні былі толькі слухачамі і сведкамі. Цяпер Ён робіць іх актыўнымі ўдзельнікамі сваёй збаўчай місіі. Езус дэлегуе ім сваю ўладу над прыродай, над дэманамі і над смерцю.
Апосталы не спрачаюцца з Езусам адносна цяжкасцяў Ягоных патрабаванняў. Яны праяўляюць абсалютную паслухмянасць. Вынікам гэтай веры становіцца паспяховасць місіі – Евангелле абвяшчаецца, а людзі атрымліваюць аздараўленне.
Айцец Піо часта казаў: «Маліся, будзь спакойным і не хвалюйся». Гэта таксама частка місіі – несці спакой у сэрцы, бо хрысціянін, які жыве ў трывозе, не можа сведчыць пра радасць Евангелля.
«... і паслаў іх абвяшчаць Валадарства Божае і аздараўляць хворых». Ці не паралізуе мяне страх абвяшчаць Евангелле? Ці адчуваю я ў сабе Божую моц аздараўляць духоўна ці фізічна тых, хто побач?
«І сказаў ім: Нічога не бярыце з сабою ў дарогу: ні кія, ні торбы, ні хлеба, ні грошай – не майце таксама па дзве вопраткі». Гэтыя патрабаванні Езуса выглядаюць парадаксальна і нават небяспечна для падарожжа. Калі я малюся ў нейкай патрэбе, на што я больш спадзяюся – на Божую ласку ці на якасць сваёй малітвы і на ўласны рэсурс?
Касцёл па сваёй сутнасці з’яўляецца місійным. Мы не можам проста зачыніцца ў прыгожых сценах нашых святыняў. Езус запрашае нас на Эўхарыстыю, каб пасля выслаць вонкі – у нашы сем’і, на працу, у грамадства, каб мы абвяшчалі збаўленне ўсялякаму стварэнню.
а. Станіслаў Вашкевіч SAC