Сям’я для кожнага чалавека мае вартасць сама па сабе. Мы па-свойму любім усіх яе членаў і, безумоўна, адносна іншых людзей нашая сям'я мае асаблівы прыярытэт.
Прыйшлі да Езуса Маці Ягоная і браты Ягоныя. І не маглі наблізіцца да Яго з-за натоўпу. І паведамілі Яму: Маці Твая і браты Твае стаяць звонку, жадаючы ўбачыць Цябе. Ён сказаў ім у адказ: Маці Мая і браты Мае — гэта тыя, хто слухае слова Божае і выконвае яго.
Сённяшнія словы Езуса гучаць неяк «няправільна». Можа нават узнікнуць адчуванне, быццам гэта прамаўляе чалавек, які перажыў у дзяцінстве нейкую траўму. Але насамрэч гэтыя словы з’яўляюцца фундаментальнымі ў развіцці чалавека і расстаўляюць прыярытэты ў жыцці кожнага з нас.
Марыя выдатна пасуе да тых, што «слухаюць слова Божае і выконваюць яго». Згадаем: «Вось Я слуга Пана, няхай мне станецца паводле Твайго слова» (Лк 1, 38), «Марыя захоўвала ўсе гэтыя словы ў сэрцы сваім» (Лк 2, 19). Таму Яна з'яўляецца ідэальным прыкладам члена гэтай новай, духоўнай сям'і Езуса.
Гэты ўрывак Евангелля заклікае мяне ацаніць свае прыярытэты. Ці мае Божае слова такое ж важнае месца ў маім жыцці, як, напрыклад, сям’я ці сябры? Ці выконваю я тое, што чую?
Касцёл мусіць быць тым месцам, дзе кожны, хто слухaе і выконвае Слова, адчувае сябе часткай вялікай сям'і Хрыста. Ці спаўняе парафія, да якой я належу, гэтую функцыю? Ці магу як-небудзь гэтаму паспрыяць?
Езус стварае новую сям’ю, новую супольнасць, заснаваную не на кроўных повязях, а на сувязі з Богам праз Яго слова. Гэта вобраз Касцёла як сям'і вернікаў, аб’яднаных не агульнымі продкамі, а супольнай верай і паслухмянасцю Богу.
а. Станіслаў Вашкевіч SAC