Часта нам можа здавацца, што Бог нічога не бачыць і не заўважае. Але насамрэч гэта не так. Божае слова не толькі стварыла сусвет, але дасёння працягвае ствараць кожнага з нас. Ён нас ведае.
Калі Езус праходзіў, убачыў чалавека, які сядзеў на мытні, па імені Мацвей, і сказаў яму: Ідзі за Мною. Ён устаў і пайшоў за Ім. І калі Езус сядзеў за сталом у доме, шмат мытнікаў і грэшнікаў прыйшло і села за стол з Ім і вучнямі Ягонымі. Убачыўшы гэта, фарысеі казалі вучням Яго: Чаму Настаўнік ваш есць і п’е разам з мытнікамі і грэшнікамі? Езус жа, пачуўшы гэта, сказаў ім: Не здаровым патрэбны лекар, але хворым. Пайдзіце, навучыцеся, што значыць «міласэрнасці хачу, а не ахвяры». Бо Я не прыйшоў клікаць праведнікаў, але грэшнікаў.
Сёння ў Евангеллі паказаная сцэна, калі Езус заўважыў мытніка Мацвея. Позірк Хрыста здзейсніў маральную і духоўную рэвалюцыю ў сэрцы будучага апостала. Езус прапанаваў яму пайсці за сабой – і той пагадзіўся. Мацвей пайшоў далей і запрасіў Пана ў свой дом. І менавіта тут Езус паказвае сутнасць Божай міласэрнасці, а тым, хто не ўсведамляе гэтага, ясна кажа: «Пайдзіце, навучыцеся».
Адказ Мацвея на запрашэнне Хрыста радыкальны. У рыбака Сымона заўжды была магчымасць вярнуцца да чоўна, а вось рашэнне Мацвея пакінуць мытню спальвала ўсе масты канчаткова і незваротна. Пастанова пайсці за Езусам – гэта поўная змена жыццёвага кірунку і адмаўленне ад матэрыяльнай бяспекі.
Хрыстос параўноўвае грэх з хваробай, сябе – з лекарам. Задача лекара – не пазбягаць хворых з-за страху перад заражэннем, а ісці да іх, каб вылечыць. Ці маю я сёння адвагу змагацца за збаўленне блізкіх мне людзей? Ці, можа, мне камфортна маўчаць і пакідаць усё як ёсць?
«Бо Я не прыйшоў клікаць праведнікаў, але грэшнікаў», – якая тонкая іронія! Існых праведнікаў, людзей бязгрэшных, проста няма. Фарысеі ж лічылі сябе такімі і гэтым самі зачынілі перад сабой дзверы да Божай міласэрнасці. Ці чую я ў сваім жыцці заклік Хрыста: «Ідзі за Мной»?
Божы позірк! Ён заўжды спачывае на мне. Колішні мытнік Мацвей адчуў гэты позірк і перажыў незваротны момант свайго жыцця. Мабыць, многія вучылі яго, як трэба жыць, ды і сам ён меў нейкае ўяўленне пра свой лад жыцця і хацеў станавіцца толькі лепшым. Езус праз гэтае пакліканне робіць Мацвея першым евангелістам, не столькі праз яго пісьменніцкі талент, колькі праз тое, што Хрыстус сам навучае яго.
а. Станіслаў Вашкевіч SAC