Мы жывём у свеце, дзе ўсё мае сваю цану. Ты – мне, я – табе. Чалавек ва ўсе часы шукаў справядлівасці, але, здаецца, дагэтуль так і не знайшоў. Дзе ж памылка?
Езус расказаў сваім вучням гэтую прыпавесць: Валадарства Нябеснае падобнае да гаспадара дому, які выйшаў на світанні наняць работнікаў у вінаграднік свой. Дамовіўшыся з работнікамі па дынару за дзень, ён паслаў іх у вінаграднік свой. Пасля ён выйшаў каля трэцяй гадзіны і, убачыўшы іншых, якія стаялі на рынку без працы, cказаў ім: Ідзіце і вы ў вінаграднік мой, і я справядліва заплачу вам. Яны пайшлі. Зноў выйшаўшы каля шостай і дзевятай гадзіны, зрабіў тое самае. Выйшаўшы каля адзінаццатай гадзіны, ён знайшоў іншых, якія стаялі без працы, і сказаў ім: Чаму вы стаіце тут цэлы дзень без працы? Яны сказалі яму: Нас ніхто не наняў. Ён кажа ім: Ідзіце і вы ў вінаграднік. Калі ж настаў вечар, гаспадар вінаградніку сказаў свайму эканому: Пакліч работнікаў і заплаці, пачаўшы з апошніх да першых. I тыя, хто прыйшоў каля адзінаццатай гадзіны, атрымалі па дынары. Тыя, што прыйшлі першымі, думалі, што атрымаюць больш, але яны таксама атрымалі па дынары. Узяўшы, яны пачалі наракаць на гаспадара дому, кажучы: Гэтыя апошнія працавалі адну гадзіну, і ты зраўняў іх з намі, якія перанеслі цяжкі дзень і спёку. У адказ ён сказаў аднаму з іх: Дружа, я не крыўджу цябе. Хіба не аб дынары ты дамаўляўся са мною? Вазьмі сваё і ідзі. Я ж хачу даць гэтаму апошняму так, як і табе. Ці ж не дазволена мне рабіць са сваім тое, што хачу? Ці вока тваё зайздросціць, што я добры? Гэтак апошнія будуць першымі, а першыя – апошнімі.
Сённяшні ўрывак з Бібліі можа зруйнаваць звыклае разуменне Бога і Яго стаўлення да чалавека. Ён вымярае свае адносіны не нашай логікай абмену, а звычайнай і простай – але якой жа складанай! – любоўю. Гэтая прыпавесць разбурае гандлёва-рыначныя адносіны між Богам і чалавекам і паказвае розніцу паміж людской справядлівасцю і Божай міласэрнасцю.
Бог – гэта гаспадар дому. Яго паводзіны не тыповыя для звычайнага бізнесоўца: Ён выходзіць на рынак сам, зноў і зноў. Рэпліка «Ніхто нас не наняў» паказвае трагедыю чалавека, якога свет адрынуў як непатрэбнага. Бог жа прымае гэтых адкінутых нават у апошнія імгненні іх жыцця.
У прыпавесці як першы работнік, так і апошні атрымалі па адным дынары. Ці справядліва гэта, ці па-Божаму? Але ці разумею я, што найвышэйшая справядлівасць заключаецца не ў матэматычным падліку працоўных гадзін, а ў шчодрасці да тых, што адгукнуліся на Божы заклік?
Сённяшняе Евангелле вучыць нас радавацца навяртанню грэшніка, нават калі гэта здарылася напрыканцы ягонага жыцця. Нават калі чалавеку здаецца, што ён змарнаваў свой зямны час, Бог усё адно кліча яго ў свой вінаграднік. Ці спрычыняюся я да таго, каб голас Божы гучаў у сэрцах пакінутых і пагарджаных людзей?
Сучасны чалавек моцна абапіраецца на справядлівасць: да яе заклікае, на яе спадзяецца. Бог жа напаўняе значэнне «справядлівасці» сваёй шчодрасцю і міласэрнасцю. Магчыма, сёння і нам варта пераасэнсаваць сваё стаўленне да бліжняга і да Бога. Варта імкнуцца да таго, каб адорваць іншага чалавека яшчэ большай любоўю, і тады мы зможам адчуць Божую прысутнасць і шчодрасць ва ўласным жыцці.
а. Станіслаў Вашкевіч SAC