Сёння Езус паказвае, чым Божая міласэрнасць з’яўляецца для кожнага з нас. Па-сапраўднаму можам спазнаць яе, калі зразумеем цяжар нашага асабістага граху. «Каму мала даруецца, той мала любіць».
Адзін з фарысеяў запрасіў Езуса паесці з ім. І ўвайшоўшы ў дом фарысея, Ён узлёг за сталом. І вось, жанчына, якая была грэшніцай у горадзе, даведаўшыся, што Ён узлёг за сталом у доме фарысея, прынесла алебастравы флакон пахучага алею і, стоячы ззаду каля ног Ягоных і плачучы, пачала абліваць ногі Ягоныя слязьмі і валасамі сваёй галавы выцірала і цалавала ногі Яму, і намашчвала пахучым алеем. Убачыўшы гэта, фарысей, які запрасіў Яго, сказаў сам сабе: Калі б Ён быў прарокам, то ведаў бы, хто гэта жанчына, якая дакранаецца да Яго, што яна грэшніца. І Езус сказаў яму ў адказ: Сымон, Я хачу нешта сказаць табе. Ён жа кажа: Скажы, Настаўнік. У аднаго крэдытора былі два даўжнікі. Адзін вінен быў пяцьсот дынараў, а другі – пяцьдзесят. Паколькі не мелі чым заплаціць, ён дараваў абодвум. Дык хто з іх больш палюбіць яго? Сымон адказаў: Думаю, той, каму больш даравана. Ён сказаў яму: Ты правільна разважыў. І, павярнуўшыся да жанчыны, сказаў Сымону: Бачыш гэтую жанчыну? Я прыйшоў у твой дом, і ты не даў Мне вады для ног, а яна слязьмі абліла Мае ногі і выцерла сваімі валасамі. Ты пацалунку Мне не даў, а яна з той хвіліны, калі Я прыйшоў, няспынна цалуе Мне ногі. Ты галавы Мне алеем не намасціў, а яна пахучым алеем намасціла Мне ногі. Дзеля гэтага кажу табе: Даруюцца ёй грахі многія за тое, што яна вельмі палюбіла. А каму мала даруецца, той мала любіць. А ёй сказаў: Даруюцца табе грахі. І тыя, хто сядзеў за сталом разам з Ім, пачалі казаць самі сабе: Хто Ён такі, што нават грахі даруе? А Ён сказаў жанчыне: Вера твая ўратавала цябе, ідзі ў спакоі.
Грэх – гэта найбольшае няшчасце, якое можа здарыцца з чалавекам. Аднак гэтае няшчасце можа стаць падмуркам для чагосьці вялікага і прыгожага: любові. Бог выкарыстоўвае нашую грахоўнасць, каб паказаць сваю міласэрнасць, веліч і глыбіню сваёй любові да нас. Мы ж, у сваю чаргу, можам праз годнае і ахвярнае жыццё паказаць сваю ўдзячнасць за дар гэтай міласэрнасці.
Можна быць нібыта вельмі блізкім да Езуса, але ў той самы час пагарджаць Ім. Часам здараецца так, што блізкасць да Хрыста існуе толькі напаказ. У гэтым ёсць вялікая спакуса: рабіць выгляд, зарабляць «пункты» у вачах іншых, але не быць у блізкіх стасунках з Богам у штодзённым жыцці.
Фарысей паказвае нам сёння, як можна ашукваць самога сябе. Ён запрашае Езуса да сябе і зусім не заўважае, што жыве ў хлусні. У дачыненні да свайго госця ён не здзейсніў прынятых у той час жэстаў павагі.
Ці не жыву і я ў такой ілюзіі? Ці здольны прызнацца сабе і іншым, што зрабіў памылку ці грэх, ці імкнуся яго выправіць?
Пакора – гэта праўда пра Бога і нас саміх. Усё, што мы маем, паходзіць ад Бога, Ён ёсць крыніцай усялякага дабра. Пакора – гэта імкненне да святасці, карані якой палягаюць у Пану.
Як я стаўлюся да асабістага навяртання? Ці імкнуся штодня быць бліжэй да Бога?
Часам для таго, каб дапамагчы іншаму, мы вышукваем нейкія дзіўныя, незвычайныя спосабы. У той жа час простыя жэсты, здзейсненыя са шчырага сэрца, могуць значыць сапраўды шмат. Звыклы жэст працягнутай рукі перамяніў не адно жыццё.
Божа, прашу, абудзі ўва мне прагненне дапамагаць тым, хто знаходзіцца ў патрэбе. Укладзі ў мае вусны словы падтрымкі і суцяшэння, вучы дзяліцца дарам Тваёй міласэрнасці.
кс. Алег Шпець SChr