У сучасным свеце ўсё часцей можна пачуць: «Трэба рухацца!», «Толькі наперад!», «Рух – гэта жыццё!». Але ці правільны кірунак паказвае сучаснасць? Як увогуле зразумець, ці ў добрым кірунку я іду?
Езус праходзіў па гарадах і вёсках, прапаведуючы і абвяшчаючы Добрую Навіну аб Валадарстве Божым. І былі з Ім Дванаццаць, а таксама некаторыя жанчыны, аздароўленыя ад злых духаў і хваробаў: Марыя, называная Магдаленай, з якой выйшла сем дэманаў; Яна, жонка Хузы, чыноўніка Ірада; Зузана і шмат іншых, якія дапамагалі ім маёмасцю сваёю.
У гэтым фрагменце Евангелля мы бачым Езуса, які не стаіць на месцы, не засядае ў офісе, а вандруе ад вёскі да вёскі, ад горада да горада. Евангеліст Лука паказвае вандроўны лад жыцця Езуса і такім чынам характарызуе Яго дзейнасць, мэта якой – абвяшчэнне Божага Валадарства. Варта адзначыць, што вандраваў Хрыстос не адзін, з Ім ішлі Апосталы і жанчыны, вызваленыя ад злых духаў і хвароб.
Калі я набяруся адвагі пайсці ў вандроўку па слове Божым разам з Езусам, то змагу бліжэй прыгледзецца да Яго ў розных сітуацыях: даведацца пра ўнутраны свет Хрыста, пазнаць Яго дух, напоўніцца Яго ментальнасцю. Так заўсёды бывае, калі вандруеш з іншай асобай.
Сёння Касцёл у Беларусі ўшаноўвае святога Станіслава, які з'яўляецца абаронцам хрысціянскага маральнага ладу. Дзе і як сфарміраваўся ў святога гэты маральны лад? Адкуль у гэтага біскупа столькі мужнасці, каб адважна пра яго прамаўляць? Можа, гэта плён асабістай вандроўкі з Хрыстом?..
Калі сучаснасць падштурхоўвае мяне не сядзець на месцы і крочыць наперад, ці выкарыстоўваю я гэты заклік, каб вандраваць з мудрым чалавекам ці духоўнікам?
Часам можа здавацца, што я іду наперад, але на самой справе рухаюся назад. Ці адбываецца мая вандроўка ў супольнасці, якая жыве Богам, згодна з маральнымі прынцыпамі?
Сёння мы пачулі вельмі прыгожую гісторыю. Езус не вандруе сам, па дарозе адведвае ўсіх і не адкідае хворых, апантаных, бедных. Кожны з нас можа знайсці месца побач з Богам і стаць абаронцам маралі і вестуном Божага Валадарства.
а. Станіслаў Вашкевіч SAC