Выбар заўсёды за намі. Кім я з'яўляюся па жыцці? Чалавекам, які хоча, каб усё было па-ягонаму, які злуецца і тупае нагамі, калі нешта ідзе не так? Ці тым, хто прагне распазнаць Божую волю?
Пан сказаў: З кім параўнаю людзей роду гэтага? Да каго яны падобныя? Яны падобныя да дзяцей, што сядзяць на рынку і клічуць адно аднаго, кажучы: Мы гралі вам на жалейцы, а вы не плясалі; мы спявалі жалобныя песні, а вы не плакалі. Прыйшоў Ян Хрысціцель, які не еў хлеба і не піў віна, а вы кажаце: У ім злы дух. Прыйшоў Сын Чалавечы, які есць і п’е, а вы кажаце: Гэты чалавек — абжора і п’яніца, сябра мытнікаў і грэшнікаў. Але апраўдана мудрасць ўсімі дзецьмі сваімі.
Раўнавага – гэта нешта вельмі важнае. Раўнавага паміж аскетызмам і радасцю жыцця. Сёння Езус і Ян Хрысціцель з'яўляюцца прыкладамі такой раўнавагі. Ян Хрысціцель паказвае аскетызм, барацьбу і пэўныя выпрабаванні ў дарозе да навяртання, у той самы час Езус праяўляе лагоднасць, пяшчоту і паказвае радасць гэтага навяртання. Так, кожнае навяртанне мае абодва бакі медаля: цяжкасці і радасць.
І Езус, і Ян Хрысціцель паказваюць нам два бакі Божай дзейнасці. У штодзённым жыцці нам таксама варта быць адкрытымі на складанасці, але ў той жа час умець перажываць радасць з той нагоды, што ўсё здзейснілася: мы ў Божых руках, ужо абмытыя Яго крывёю.
Той, хто хоча, шукае магчымасцей, каб дасягнуць сваёй мэты. Той, хто не хоча, шукае прычыны, каб нічога не рабіць, і заўсёды знойдзе вінаватых. Да каго я больш падобны: да распеставанага дзіцяці ці да дзіцяці мудрасці? І самае галоўнае: кім я прагну стаць – незалежна ад таго, кім з'яўляюся сёння?
Незадаволенасць і нараканне – гэта вельмі распаўсюджаная рэакцыя на нашую штодзённасць. Аднак калі мы будзем марнаваць на гэта шмат часу, то хутка навучымся ва ўсім бачыць толькі зло, а праз гэта страцім не толькі час, але і жыццё. Ці нараканні дапамаглі мне вырашыць нейкія праблемы? Што магу зрабіць, каб перастаць наракаць?
Асоба Езуса, Яго словы і дзеянні заўсёды выклікалі зацікаўленасць. Мноства людзей пайшло за Ім, уважліва слухаючы Яго навучанне, захапляючыся Яго цудамі. Аднак нягледзячы на гэта, многія Яму не давяралі, асабліва тыя, што лічылі сябе вучонымі і правадырамі. Езус паказвае іх крывадушнасць, але нікому не навязваецца і нікога не прымушае верыць у Яго. Ён кожнаму пакідае свабоду выбару.
кс. Алег Шпець SChr