Езус даручае мяне сваёй Маці і праз гэта перадае сваю любоў. Марыя дадзена мне, каб дапамагаць паднімацца, змяняць мысленне і падтрымліваць у цярпенні – каб, перажытае, яно набліжала мяне да Бога.
Стаялі ж каля крыжа Езуса Маці Ягоная і сястра Маці Ягонай, Марыя Клеопава, і Марыя Магдалена. Езус, убачыўшы Маці і вучня, які стаяў побач і якога Ён любіў, сказаў: Жанчына, вось сын Твой. Потым сказаў вучню: Вось Маці твая. І з гэтага часу вучань узяў Яе да сябе.
Праз бацькоў я атрымаў найкаштоўнейшы дар жыцця. Пры гэтым ведаю, што аднаго толькі яго біялагічнага аспекта недастаткова. Маё пакліканне – жыццё ў вечнасці: я імкнуся да Божага Валадарства. Шлях да яго вядзе праз служэнне Богу і бліжняму, праз цярплівае перамаганне ўласных абмежаванняў. Ён няпросты, але на ім Бог заўсёды побач і дапамагае, напаўняе яго радасцю і адчуваннем рэалізацыі сябе.
На дадзеным шляху Марыя нагадвае мне пра сэнс і мэту майго жыцця. Яна вучыць шукаць Бога ў сабе і ў людзях побач, нават калі здаецца, што Яго няма. Гэтак жа Яна сама пад крыжом верыла, што здзяйсняецца найвялікшае дабро для чалавецтва, хоць магло здавацца, што тое месца было пакінута Богам.
На крыжы Езус устанавіў глыбокую сувязь, якая аб'яднала Марыю з супольнасцю Яго вучняў. Мацярынская любоў Багародзіцы і сёння распаўсюджваецца на мяне і на кожнага чалавека. Ці ёсць месца для Марыі ў маім трыванні пры крыжы і ў яго сузіранні? Ці лічу Яе сваёй Маці? Ці адчуваю блізкасць Багародзіцы да сябе?
Словы Хрыста на крыжы – «Вось сын твой» і «Вось маці твая», – і ў нашыя дні ўказваюць на Марыю як на дар ад Бога для кожнага з нас і на Яе вельмі важную ролю ў жыцці хрысціянскай супольнасці. Чым бы я хацеў сёння падзяліцца з Марыяй, і маёй Маці? Што хацеў бы ў Яе папрасіць?
Ля падножжа крыжа Багародзіца прыняла на Сябе місію стаць духоўнай Маці для вучняў Хрыста. Як тады іх, так сёння і мяне Яна вучыць паслухмянасці, якую бачыла ў свайго Сына. Паказвае, як ставіць слова Бога на першае месца. Вучыць, што я не заўсёды буду разумець Божую волю і што часам галоўным будзе яе выкананне і давер да Бога, а разуменне прыдзе пазней.
Марыя, падтрымай мяне на жыццёвым шляху.
кс. Алег Шпець SChr