Езус працягнуў руку, дакрануўся да пракажонага і сказаў: «Хачу, будзь ачышчаны». Евангеллі неаднаразова згадваюць пра гаючы дотык Хрыстовай рукі. А ці жадаю я адчуць гэты аздараўляльны дотык Збаўцы?
Калі Езус сышоў з гары, за Ім следам пайшло мноства людзей. І вось падышоў пракажоны і кланяўся Яму, кажучы: Пане, калі хочаш, можаш мяне ачысціць. Езус, выцягнуўшы руку, дакрануўся да яго і сказаў: Хачу, будзь ачышчаны. І адразу ачысціўся той ад праказы. І кажа яму Езус: Глядзі, не кажы нікому, але ідзі, пакажыся святару і ахвяруй дар, які загадаў Майсей дзеля сведчання перад імі.
Гаючая сіла сыходзіла ад Збаўцы і перадавалася чалавеку, які меў у ёй патрэбу. Аднак гэта не было магіяй! Сіла паходзіла не з Яго пальцаў ці адзення – яна вынікала непасрэдна з боскай і людской прыроды Езуса, з Яго ўсемагутнай волі і бязмежна спагадлівага сэрца. У гэтым дотыку была аздараўляльная моц, бо Хрыстус быў і ёсць Першасвятаром, які «можа спачуваць нам у немачах нашых» (Гбр 4, 15).
«Ці хочаш?» – «Хачу». Тут воля яднаецца з моцай, якая не патрабуе ніякіх дадатковых умоваў. Праказа адразу знікла, аздараўленне было імгненным і поўным. Аднак ачышчэнне ад хваробы адкрыла гэтаму пакутніку дзверы і да поўнага сацыяльнага, культавага ды рэлігійнага аднаўлення.
Ці гатовы я на такое аздараўленне, якое верне мяне ў жыццё? Ці мне дастаткова толькі вярнуцца да папярэдняга стану, калі благога не рабіў, але і добрае занядбоўваў?
Чалавек можа атрымаць аздараўленне, але і надалей занядбоўваць справы міласэрнасці, пазбягаць ахвярнасці, шукаць выгодаў і марнаваць атрыманыя дары. Ці ж дзеля гэтага Хрыстус прыходзіць са сваім гаючым дотыкам?
Паралельны ўрывак у Евангеллі паводле Марка кажа, што Езус «пранікся спачуваннем», калі працягнуў руку і дакрануўся да пракажонага. Гэты рух Сэрца Збаўцы стаў пачаткам цуду аздараўлення. Такі цуд можа адбыцца і ў нашым жыцці. Варта дазволiць Збаўцу дакрануцца да нас, каб не проста стаць здаровымi, але каб адважна несці любоў і служыць іншым.
Кс. Валерый Марціноўскі