Які ён – дом майго жыцця? Ці з’яўляецца вера тым трывалым падмуркам, на якім я будую? Што ў ім варта падправіць, а што – карэнным чынам перабудаваць? І цi сустракаюць людзі Божую любоў у маім доме?
Езус сказаў сваім вучням: Не кожны, хто кажа Мне: Пане, Пане, — увойдзе ў Нябеснае Валадарства, але той, хто выконвае волю Айца Майго, які ў нябёсах. Многія скажуць Мне ў той дзень: Пане, Пане, ці не ад Твайго імя мы прарочылі і ці не Тваім імем дэманаў выганялі, і ці не Тваім імем многія цуды чынілі? І тады абвяшчу ім: Я ніколі не ведаў вас, адыдзіце ад Мяне вы, што чыніце беззаконне. Вось жа кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і выконвае іх, будзе падобны да чалавека разумнага, які пабудаваў свой дом на скале. І пайшоў дождж, і разліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і ўдарылі ў дом той; і ён не ўпаў, бо пастаўлены быў на скале. А кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і не выконвае іх, будзе падобны да чалавека неразважлівага, які пабудаваў свой дом на пяску. І пайшоў дождж, і разліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і ўдарылі ў дом той; і ён упаў, і было падзенне яго вялікае. Калі Езус скончыў гаварыць, дзівіліся людзі з вучэння Яго, бо Ён іх вучыў як той, хто мае ўладу, а не як кніжнікі і фарысеі.
Сведчанне веры праз нашыя ўчынкі мае вырашальнае значэнне. Недастаткова проста хадзіць на Імшу ў нядзелю і трымаць Біблію на паліцы. Вера ў Хрыста – гэта штодзённае навяртанне, змяненне жыцця паводле Яго волі. Калі мы грашым, мы разрываем еднасць не толькі з Езусам, але і з самімі сабой. Мы адчуваем унутраны разлад, патанаючы ў сваёй ганарыстасці, гневе, марнасці і прагнасці.
Згодна з вучэннем Касцёла, Бог стварыў чалавека на сваё падабенства. І, нягледзячы на нашую грэшнасць, «Бог не перастае прыцягваць чалавека да сябе дзеля таго, каб ён жыў у Ім і ў Ім знаходзіў паўнату праўды і шчасця, якую няспынна шукае» (Кампендый ККК, 2).
Ці ёсць у маiм жыццi такiя сферы, дзе я жыву павярхоўна? Магчыма, я проста ствараю бачнасць для іншых? Якія заганы мне трэба выкараніць, каб стаць у праўдзе перад Богам i сабою?
Ці не задавольваюся я проста верай у Бога? Магчыма, трэба задумацца, як я магу часцей здзяйсняць справы міласэрнасці?
Божа, я хачу будаваць сваё жыццё на скале. Хачу ведаць Тваю волю і прымаць яе. Навучы мяне, Пане, ісці туды, куды Ты вядзеш. Навучы распазнаваць Твой голас і пакажы, як правільна будаваць дом майго жыцця.
кс. Кірыл Бардонаў