Гісторыя нараджэння Яна Хрысціцеля – гэта не проста сямейная падзея, а момант, калі Божы план урываецца ў звыклае жыццё людзей, ламаючы стэрэатыпы і адкрываючы новую старонку гісторыі збаўлення.
Альжбеце надышоў час нарадзіць, і яна нарадзіла сына. І пачулі суседзі і сваякі яе, што Пан праявіў да яе такую вялікую міласэрнасць, і радаваліся разам з ёю. На восьмы дзень прыйшлі абразаць дзіця і хацелі назваць яго імем бацькі ягонага, Захарыем. Але маці ягоная сказала ў адказ: Не, але будзе названы Янам. І сказалі ёй, што няма нікога з сям’і яе, каго б называлі такім імем. І пыталіся на мігах у бацькі ягонага, як бы хацеў назваць яго. Ён папрасіў таблічку і напісаў: Ян – імя Яго. І ўсе здзівіліся. У гэты момант адразу адкрыліся вусны ягоныя і развязаўся язык ягоны, і ён загаварыў, праслаўляючы Бога. Усіх іхніх суседзяў ахапіў страх, і расказвалі яны пра ўсё гэта па ўсёй горнай краіне Юдэі. Усе, хто чуў, разважалі пра ўсё гэта ў сэрцах сваіх і казалі: Што ж гэта будзе за дзіця? Бо рука Пана была з ім. А дзіця расло і ўзмацнялася духам, і заставалася на пустыні да дня з’яўлення свайго перад Ізраэлем.
Калі Захарыя і Альжбета насуперак звычаям называюць сына Янам («Бог міласцівы»), яны пацвярджаюць, што жыццё гэтага дзіцяці належыць не ім і не іх роду, а самому Богу. «Што ж гэта будзе за дзіця? Бо рука Пана была з ім», – пыталіся суседзі i сваякi. Ян Хрысціцель меў унікальную місію: падрыхтаваць шлях Хрысту, указаць на Яго тым, хто не ведаў Збаўцу, і растлумачыць сэнс Яго прыйсця.
Праз сённяшняе Слова мы, з аднаго боку, вучымся быць падобнымi на Яна Хрысціцеля – гэта значыць сваімі словамі і прыкладам жыцця сведчыць пра Бога. А з другога боку, нам як бацькам і выхавацелям трэба дапамагчы дзецям рэалізаваць сваё пакліканне, сваю Божую місію.
Ці веру я сапраўды, што ўсё маё жыццё знаходзіцца ў Божых руках, і ці не спрабую я навязваць Богу сваю волю замест таго, каб даверыцца Яго міласэрнасці?
Які прыклад веры я даю дзецям і моладзі: ці бачаць яны ўва мне чалавека, які паважае іх годнасць і дапамагае ім шукаць Бога, ці я толькі транслюю свае ўласныя страхі і чаканні?
Дзякуй Табе, Пане, за тое, што Ты ўпэўнена вядзеш гісторыю чалавецтва паводле Твайго плану збаўлення. Дзякуй, што выбраў мяне несці паходню веры і перадаваць яе далей. Дапамажы мне кожны дзень усведамляць, хто я ў Тваіх вачах, і выканаць сваю ўнікальную місію праз Цябе, з Табою і ў Табе.
кс. Кірыл Бардонаў