Дзесьці глыбока ў сэрцы я трымаю тое, што лічу найкаштоўнейшым, пра што клапачуся, што з усяе сілы аберагаю. Як я рэагую, калі нехта гэта абражае?
Езус сказаў сваім вучням: Не давайце сабакам таго, што святое, і не кідайце перлаў вашых перад свіннямі, каб яны не патапталі іх сваімі нагамі ды, вярнуўшыся, не разарвалі вас. Усё, што хочаце, каб вам рабілі людзі, і вы ім рабіце. Бо ў гэтым Закон і Прарокі. Уваходзьце праз вузкую браму, бо шырокая брама і прасторны шлях вядзе да згубы, і шмат тых, хто ўваходзіць праз яе. А вузкая брама і вузкі шлях вядуць у жыццё, але няшмат тых, хто знаходзіць яе.
Калі трэба вырашыць, што рабіць у пэўнай сітуацыі, можна спытаць сябе: якога стаўлення ці ўчынку чакаў бы я сам? Павага, якую мы адчуваем да сябе, адлюстроўваецца ў павазе да іншых. Абыякавасць ці грубасць да іншых сведчаць пра праблему ў нас саміх. Залатое правіла – «Усё, што хочаце, каб вам рабілі людзі, і вы ім рабіце», – працуе не толькі ў бок іншага, але павінна ахоўваць і маю годнасць.
Езус расказвае пра шырокую і вузкую браму. Часам магу думаць, што ўсё ў жыцці мусіць быць простым – ці то адносіны ў сям'і, ці маё збаўленне. Ілюзія простасці не павінна мяне падманваць. Праца над уласным збаўленнем надзвычай складаная і патрабуе ўпартага змагання ў выглядзе малітвы і ахвярнасці.
Ці не лічу я часам, што жыць згодна з верай у сучасным свеце – проста? Куды і якім чынам я «збягаю» з вузкай дарогі святасці? Гэта могуць быць, напрыклад, празмерная прывязанасць да рэчаў або залежнасць ад меркавання іншых людзей.
Ці ёсць людзі, да якіх я звычайна недастаткова міласэрны? Ці разумею, што гэты недахоп міласэрнасці можа нашкодзіць мне нашмат больш, чым пачуццям іншага чалавека?
Божа, дапамажы мне зразумець, што сапраўдная годнасць заключаецца ў добрым стаўленні да іншых і пазбяганні граху. Дазволь мне пазбавіцца ад пасрэднасці ў духоўным жыцці і плённа выкарыстаць час, які Ты мне ласкава даеш.
кс. Кірыл